29 жніўня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў асвячэнне касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах. Асвячэнне адбылося праз 150 гадоў з моманту адкрыцця касцёла. Таксама быў асвячаны новы алтар.
Sdb.by адзначае, што жупранская парафія мае асаблівае значэнне для гісторыі ксяндзоў салезіянаў, якія там служаць (менавіта ў гэтай парафіі пасля гадоў пераследу рэлігіі стала адраджацца іх дзейнасць у Беларусі), і што салезіяне разам з мясцовымі парафіянамі захоўвалі веру і спрыялі вяртанню святыняў каталіцкім супольнасцям.
Гісторыя жупранскай парафіі пачалася значна раней, чым з’явіўся гэты касцёл: паводле гістарычных звестак, парафія існавала ў XV стагоддзі, у Жупранах была драўляная святыня пад тытулам Маці Божай Балеснай. Будаўніцтва цяперашняга мураванага касцёла пачалося ў XIX ст., 12 кастрычніка 1875 года ў яшчэ недабудаванай святыні ўпершыню цэлебравалася Імша. Паколькі ў наступныя гады адбываліся складаныя гістарычныя падзеі, войны, пераслед, касцёл асвяціць не ўдалося, і стала магчымым гэта толькі праз паўтара стагоддзя.

У новы алтар касцёла змешчаны рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, якія аддалі жыццё ў час Другой сусветнай вайны.
У Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі, удзельнічала вялікая колькасць святароў, кансэкраваных асобаў, парафіян і гасцей, прадстаўнікі ўлады.
Дырэктар Рэлігійнай місіі “Таварыства святога Францішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевіч SDB, вітаючы прысутных, падкрэсліў гістарычнае значэнне гэтай падзеі.
“Сто пяцьдзясят гадоў — гэта не толькі гісторыя гэтай святыні, яе будынка і інтэр’еру. Гэта гісторыя нязломнай веры людзей, якія ўзводзілі гэтыя сцены, прыносілі сюды свае ахвяры і малітвы, абаранялі святыню ў складаныя часы”, – сказаў ксёндз Віктар. Ён папрасіў біскупа цэлебраваць гэтую літургію ў інтэнцыі парафіі ў знак падзякі Богу за 150 гадоў веры і Яго апекі, а таксама з просьбай аб благаслаўленні для парафіянаў, святароў, ахвярадаўцаў і ўсіх, хто прычыніўся да захавання і аднаўлення касцёла.
У гаміліі біскуп назваў гэтую падзею гістарычнай і адзначыў, што жупранскі касцёл для хрысціян з’яўляецца чымсьці большым, чым твор мастацтва ці помнік архітэктуры: “Гэтая святыня з’яўляецца сведкам. Не нямым сведкам, як часта мы кажам пра неадушаўлёныя прадметы. Гэта сведка, які мае голас, бо з адлегласці мінулых стагоддзяў звяртаецца да нашых сэрцаў. Найперш яна кажа нам аб шматвяковай прысутнасці хрысціянства на нашых землях. Таксама гэтая святыня – сведка бурлівай і цяжкай гісторыі нашай зямлі”.
Іерарх нагадаў пра больш чым шасцісотгадовую гісторыю каталіцкай прысутнасці ў Жупранах, пра пакаленні парафіянаў, якія перадавалі веру нашчадкам. Духоўную спадчыну ён назваў не толькі вялікім дарам, але і абавязкам: “Наколькі ж гэтая спадчына абавязвае нас, каб мы не забыліся аб ёй, не змарнавалі, а памножылі і перадалі наступным пакаленням”.
“Нягледзячы на ўсе павароты гісторыі, розныя цяжкасці і выпрабаванні, каталіцкая вера і вернасць Касцёлу вытрывалі ў сэрцах жыхароў Жупран”, – сказаў біскуп.
Ён падзякаваў святарам і парафіянам, якія дапамаглі не пакінуць гэты касцёл без душпастырскай апекі ў складаныя часы, узгадаў святароў суседніх парафій, якія прыязджалі ў Жупраны, асобна адзначыў прысутнага на ўрачыстасці кс. каноніка Юзафа Занеўскага SDB, які прыбыў у Жупраны ў 1981 годзе і за дзесяць гадоў дапамог аднавіць рэлігійнае жыццё ў самой парафіі і ў наваколлі, дзе былі зноў адкрыты пяць касцёлаў. “Сёння мы адчуваем, што яшчэ больш яднаемся з фундатарамі і будаўнікамі касцёла і з усімі жупранскімі парафіянамі”, — дадаў біскуп.
Ён назваў вельмі красамоўнымі знакамі ўспамін мучаніцтва Яна Хрысціцеля, які адзначаўся ў гэты дзень, і рэліквіі назарэтанак-мучаніц, змешчаныя ў адноўленым алтары. “Ян Хрысціцель прыняў мучаніцкую смерць, бо рашуча абараняў святасць і годнасць сужэнства згодна з вучэннем Святога Пісання, – сказаў іерарх. – Ён разумеў, што ў некаторых сітуацыях трэба проста стаць у абарону праўды, нават калі за гэта трэба заплаціць найвышэйшую цану. Назарэтанкі аддалі жыццё ў імя любові да бліжняга, калі ў час Другой сусветнай вайны дабравольна вырашылі памерці замест арыштаваных і капелана ксяндза Аляксандра Зянкевіча”.
“Няхай гэтыя прыклады мучанікаў мабілізуюць кожнага з нас вызнаваць і практыкаваць веру з яшчэ большай руплівасцю, запалам і адданасцю, – пажадаў біскуп. – Не кожны хрысціянін пакліканы да мучаніцтва – гэта асаблівая ласка, якую Бог удзяляе некаторым сваім дзецям. Але кожны з нас, без выключэння, пакліканы паглыбляць сваю веру ў прозе штодзённага жыцця. Працавіты рабочы ці працаўнік сельскай гаспадаркі, сумленны чыноўнік, клапатлівая жанчына, якая апякуецца домам, мужам і дзецьмі, старанны вучань ці студэнт, кампетэнтны і чулы да чалавечых пакутаў урач, настаўнік, які стараецца як мага лепш перадаваць вучням веды і выхоўваць з іх добрых людзей, – прыклады сведчання веры, якога Бог чакае ад кожнага з нас”.

Пробашч кс. Артур Ляшнеўскі SDB у звароце да прысутных сказаў, што для ўсёй парафіяльнай супольнасці падзея асвячэння касцёла і алтара – момант удзячнасці Богу і людзям, дзякуючы якім стала магчымай гэтая ўрачыстасць. Пробашч падзякаваў біскупу за здзяйсненне абраду, выказаў падзяку тым, хто служыў у Жупранах і клапаціўся пра святыню, і прадстаўнікам мясцовай улады за супрацоўніцтва з парафіяй, адзначыўшы, што гэтае супрацоўніцтва заснавана на ўзаемнай павазе і клопаце пра захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны Жупранаў.
Асаблівую ўдзячнасць пробашч выказаў парафіянам, ахвярадаўцам і ўсім, хто працай, ахвярай і малітвай прычыніўся да аднаўлення касцёла і яго падрыхтоўкі да асвячэння. Ён падкрэсліў, што зробленае было б немагчымым без супольных намаганняў многіх людзей, якія адчуваюць адказнасць за гэтую святыню і яе будучыню.
Парафіяне выказалі падзяку пробашчу за адданае служэнне, вялікія намаганні і працу, адзначыўшы, што дзякуючы гэтаму ўдалося за адносна кароткі час у значнай меры аднавіць касцёл і падрыхтаваць да асвячэння. Падзяка была выказана таксама біскупу, іншым прысутным святарам і кансэкраваным асобам.
Ад імя мясцовай улады прысутных павіншавала намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель. Яна адзначыла значэнне жупранскага касцёла ў захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны, яго ролю ў жыцці мясцовай супольнасці і выхаванні маладога пакалення, выказала пажаданне, каб святыня працягвала “несці людзям святло і дабро, сустракаючы жупранскіх вернікаў з адкрытым сэрцам”.






