17 ліпеня парафію св. Арханёла Міхала ў Смаргоні наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.
Візіт прадстаўніка Папы Льва XIV супаў з прыбыццём у парафію абраза галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, Маці Божай Вастрабрамскай, - абраз здзяйсняе перэгрынацыю па Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды яе 35-годдзя. Абраз прывіталі шматлікія парафіяне і духавенства, у тым ліку нунцый і пробашч парафіі кс. Алег Каралёў SDB.
Нунцый цэлебраваў у парафіяльным касцёле Імшу і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на ролі Маці Божай у жыцці чалавека. Ён заклікаў звяртацца да Панны Марыі з просьбамі, адзначыўшы, што Яна ніколі не пакідае ў бядзе.
Маліцца перад абразом парафіяне мелі магчымасць да 21 ліпеня, затым ён быў перададзены ў іншую парафію.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фотa: shliah.by






