11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася начная Імша пастэрка, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Літургія цэлебравалася ў межах двухдзённых дыяцэзіяльных урачыстасцяў, якія штогод праходзяць у санктуарыі.
У Імшы ўдзельнічалі святары ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Набажэнства традыцыйна пачалося працэсіяй, у якой неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай. У час працэсіі спявалі і маліліся Ружанец.
У гаміліі біскуп адзначыў, што “чалавеку патрэбна ў жыцці прысутнасць Бога яшчэ больш, чым прысутнасць іншых людзей”, што “Нябесны Айцец ніколі не пакідаў чалавека”, што “біблейскі вобраз гісторыі чалавецтва можна змясціць у простай схеме, якая пастаянна паўтараецца: слабы і грэшны чалавек адыходзіць ад Бога, бо разлічвае на сябе, а Пан Бог, верны сваім абяцанням, заўсёды выходзіць яму насустрач”. Біскуп дадаў, што Сын Божы Езус Хрыстус “прыйшоў у свет, каб раз і назаўсёды прынесці чалавецтву вызваленне з граху і смерці разам з надзеяй вечнага жыцця”, што “так здзейснілася адзінае ў сваім родзе наведванне чалавецтва Сынам Божым, і ў гэтым наведванні ў Панны Марыі ёсць свой цудоўны ўдзел”. “Ад Яе адказу, ці згодная Яна стаць Маці Божага Сына, залежалі лёсы ўсяго чалавецтва. Як пісаў святы Бернард з Клерво, у момант звеставання нябёсы, зямля і ўвесь сусвет замерлі ў чаканні адказу Марыі”, – сказаў біскуп.

Ён засяродзіў увагу на наведванні Марыяй святой Альжбеты, маці Яна Хрысціцеля. Па словах іерарха, адной з прычын гэтага візіту было жаданне служыць дапамогай сваячцы, якая ў пажылым узросце чакала нараджэння дзіцяці, другой – тое, што “пры звеставанні Марыя адчула дотык Божай ласкі, сустрэлася з бязмернасцю любові Нябеснага Айца, і сустрэча з Богам напоўніла Яе такой вялікай радасцю, што Яна не магла стрымаць яе для сябе”.
Кажучы пра тракельскі санктуарый, біскуп адзначыў: “У гэтым напоўненым малітвамі месцы Марыя, як любячая Маці, абдымае нас, прытуляе да свайго сэрца і шэпча на вуха найцудоўнейшыя ў свеце словы: “Люблю цябе!” Як жывая манстранцыя, Марыя нясе нам Езуса, дае Яго нам як найкаштоўнейшы скарб і просіць нас, як клапатлівая Маці, аб тым, каб мы захацелі адчыніць перад Ім дзверы нашых сэрцаў і ўпусціць Яго ў наша жыццё. Толькі тады мы адчуем сябе сапраўды шчаслівымі і радаснымі”.
“Сёння вы прыносіце Марыі свае незлічоныя просьбы і маленні, бо верыце, што Яна цешыцца, як сапраўдная Маці, калі дзеці аб чымсьці Яе папросяць, і з радасцю і любоўю моліцца з намі і за нас, заступаючыся перад Богам ва ўсіх нашых патрэбах”, – сказаў біскуп удзельнікам урачыстасцяў. Нагадваючы пра 35-годдзе з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, ён заахвоціў “падзякаваць разам з Марыяй Богу за Касцёл на Гродзеншчыне, які адраджаецца і развіваецца, бо мае моцныя, трывалыя карані – веру папярэдніх пакаленняў, нашых бацькоў і дзядоў”.
“Мы атрымалі дар веры ў своеасаблівую эстафету, і ад нас залежыць, ці зможам захаваць яго і нават памножыць і перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, – дадаў іерарх. – Папросім нашу нябесную Маці падтрымліваць нас сваім магутным заступніцтвам і весці да свайго Сына Езуса Хрыста. Няхай наш Касцёл на Гродзеншчыне развіваецца і ўзрастае, няхай Добрая Навіна, якую ён абвяшчае, дасягае чалавечых сэрцаў”.
З нагоды 35-годдзя дыяцэзіі на Імшы асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто яе ўтварае, за Касцёл у Беларусі, за ўсе беларускія сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарылі Хрыстус і Яго Маці і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.

У канцы літургіі біскуп Гродзенскі падзякаваў удзельнікам за прысутнасць, сказаўшы: “Сэрца напаўняецца вялікай радасцю, калі бачым перад сабою такую вялікую сям’ю Божага народу”. “Гэтая ноч стала сапраўдным сведчаннем таго, што Марыя і сёння працягвае збіраць сваіх дзяцей. Яна не перастае запрашаць нас да свайго Сына, падтрымліваць тых, хто губляе надзею, суцяшаць засмучаных, умацоўваць слабых і весці да Хрыста ўсіх, хто адкрывае перад Ёю сэрца”, – дадаў біскуп. Па яго словах, агні свечак, якія неслі ў начной працэсіі, “нагадвалі, што вера, нават калі здаецца маленькай, здольная разганяць цемру, а калі гэтыя агеньчыкі злучаюцца разам, то становяцца вялікім святлом”. Не менш кранальнай ён назваў супольную малітву Ружанца, адзначыўшы: “Мы верым, што ніводная шчырая малітва не губляецца перад Богам, а кожная сляза і кожны ўздых знаходзяць месца ў мацярынскім сэрцы Найсвяцейшай Панны”.
Запрашаючы на малітоўнае чуванне пасля літургіі, біскуп сказаў: “Магчыма, не патрэбна будзе шмат слоў. Часам дастаткова толькі цішыні, позірку на Марыю і адкрытага сэрца, каб Яна дапамагла нам пачуць голас свайго Сына. Даверце Ёй усё, што носіце ў душы”.
“Няхай кожны, хто гэтай ноччу прыйшоў у Тракелі, вяртаецца дадому не толькі з добрымі ўспамінамі, але перадусім з супакоем сэрца, з новай надзеяй, з больш глыбокай верай і з перакананнем, што Маці Божая сапраўды крочыць побач са сваімі дзецьмі”, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, пажадаў прысутным “плённай сустрэчы з Богам у цішыні сэрца” і бяспечнай дарогі з Тракеляў назад.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






