Skip to main content

У Старых Васілішках адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла

IMG 20260629 152848Парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках (Шчучынскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар сваіх нябесных апекуноў, на якой сабраліся шматлікія вернікі і сябры парафіі.

Важнай часткай адпустовай Імшы было развітанне з пробашчам парафіі кс. Збігневам Драгулам CSMA, які пасля 27 гадоў плённага служэння ў Беларусі вяртаецца на сваю радзіму – у Польшчу.

Ксёндз Збігнеў, вітаючы прысутных і кажучы пра інтэнцыі Імшы, адзначыў, што хоча маліцца ў трох інтэнцыях. Першая – за памерлых гэтых зямель, якіх ён назваў карэннямі супольнасці. Другая – за тых, хто сёння жыве на тэрыторыі парафіі, асабліва хворыя і іх дзеці, якіх святар назваў анёламі-ахоўнікамі сваіх бацькоў. Асобна узгадаўшы таксама дзяцей з дзіцячага сацыяльнага пансіяната ў Галавічполі і ўсіх дзяцей парафіяльнай супольнасці. Трэцяя – за зямлю, якую ксёндз Збігнеў услед за св. Фаўстынай Кавальскай назваў месцам, адкуль бярэцца ўсё і без якой няма хлеба.

Цэлебраваў літургію віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Антоні Грэмза. Ён прыбыў на ўрачыстасць па адмысловай просьбе біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя з лістом падзякі, скіраваным асабіста ад ардынарыя і ад біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча. Гамілію прамовіў пробашч парафіі ў Лядску кс. Павел Гедройць. Святар на аснове літургічных чытанняў узгадаў постаці апосталаў, адзначыў шматгадовы ўклад ксяндза Збігнева ў развіццё парафіяльнай супольнасці, а скончыў гамілію вершам.

Жыхары вёсак Старыя Васілішкі, Ваекоўцы, Галавічполе і іншых, а таксама аг. Карэлічы, выказалі ксяндзу Збігневу ўдзячнасць за шмат гадоў адданага служэння. Вернікі падзякавалі пробашчу за адкрытасць і прыклад сяброўства з людзьмі, добрыя пропаведзі і настаўленні, паслугу сакрамэнтамі, прысвечанае сэрца і сілы.

IMG 20260629 135419

Ад імя генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала (міхаліты), да якой належыць ксёндз Збігнеў, да сабраных звярнуўся генеральны вікарый гэтай супольнасці кс. Кшыштаф Пасвята CSMA.

Ксёндз Збігнеў пасля слоў падзякі ў свой адрас пажадаў усім вернікам хацець пакінуць па сабе больш, чым камень на магіле, і трымацца Бога. Таксама ён выразіў мясцовым жыхарам удзячнасць за клопат і за тое, што некалі навучылі яго “не шкадаваць часу для Бога”.

Урачыстасць скончылася працэсіяй вакол касцёла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі