27 чэрвеня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адзначылі стагоддзе з часу заснавання Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.
Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У літургіі ўдзельнічала шматлікае духавенства, у тым ліку арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які 36 гадоў таму запрасіў сясцёр Шанштацкага Інстытуту служыць на Беларусі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, пробашчы парафій, дзе служаць сёстры гэтай супольнасці, кансэкраваныя асобы, парафіяне, чыё жыццё якімсьці чынам звязана з гэтай супольнасцю, удзельнікі Шанштацкага руху – сем’і, моладзь, дзеці, члены колаў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і колаў Маці Божай Тройцы Цудоўнай.
Сёстры Шанштацкага Інстытуту служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі – гродзенскіх парафіях св. Францішка Ксаверыя, Маці Божай Анёльскай і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама ў парафіі Маці Божай Тройцы Цудоўнай у Мастах.

Біскуп Гродзенскі ў прывітальным слове сказаў, звяртаючыся да сясцёр гэтай супольнасці: “Праз вас Бог дакранаўся да жыцця незлічонай колькасці людзей. Гэты юбілей асаблівым чынам сугучны з жыццём нашай Гродзенскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 35-годдзе свайго заснавання. Калі трыццаць пяць гадоў таму на беларускіх землях пачалося новае адраджэнне касцёльнага жыцця і былі створаны неабходныя структуры для развіцця душпастырскай дзейнасці, сёстры Шанштацкага Інстытуту адразу ўключыліся ў гэтае служэнне, дзелячыся сваімі сіламі, талентамі і любоўю да Касцёла. Многія ў нашай дыяцэзіі памятаюць працу сясцёр у катэхізацыі дзяцей і моладзі, у фармацыі свецкіх вернікаў, у служэнні патрабуючым праз дыяцэзіяльнае таварыства “Caritas”, у падтрымцы парафіяльных супольнасцяў і многіх іншых справах”.
“Дэвіз гэтага юбілею – “Марыя – Святло нашай надзеі” – вельмі глыбока адпавядае духу нашага часу. У свеце, які часта губляе арыенціры, перажывае неспакой, страх і няпэўнасць, Найсвяцейшая Панна Марыя працягвае паказваць чалавеку шлях да свайго Сына, вучыць нас давяраць Богу і заставацца вернымі нават тады, калі шлях становіцца цяжкім і патрабуе вялікай мужнасці”, – дадаў біскуп.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі ўзгадаў заснавальніка Шанштацкага руху палатына Ёзафа Кентэніха. “Пасля Першай сусветнай вайны з яе праблемамі і маральным крызісам магчымасць выхаваць новага чалавека, адаптаванага да патрэб новага часу, адзначанага рознымі выпрабаваннямі, ён бачыў у даверы Маці Божай”, – адзначыў арцыбіскуп. Такім чынам у 1914 годзе быў заснаваны гэты рух, задача, місія і пакліканне якога заключаюцца ў спалучэнні веры і яе сведчання ў штодзённым жыцці праз любоў да Маці Божай. Па словах арцыбіскупа, дзякуючы гэтаму рух спрыяў росту святасці духавенства і свецкіх католікаў; яго развіццё прывяло да заснавання ў 1926 годзе Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.
“Гэта былі складаныя і поўныя выклікаў часы. Ва Усходняй Еўропе ваяўнічы атэізм разбураў хрысціянскую веру і традыцыі. На Захадзе падымаў галаву нацызм. У такой сітуацыі сёстры павінны былі прысвяціць сябе фармацыі новага чалавека на прыкладзе Панны Марыі як новай Евы. Як праз згоду Марыі з Божай воляй у свет увайшоў новы чалавек і адначасова Бог Езус Хрыстус, так праз Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі нараджаецца новы чалавек, выхаваны на прынцыпах Евангелля і адаптаваны да выклікаў часу”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён нагадаў, што ў Беларусь – у Гродна – сёстры гэтай супольнасці прыбылі ў 1990 годзе, “часы глыбокіх перамен і новых магчымасцяў для Касцёла”. Яны пачалі катэхізацыю дзяцей, моладзі і дарослых, арганізавалі душпастырскую апеку над сем’ямі, дапамагалі бедным, стаялі ля вытокаў заснавання дабрачыннага таварыства “Caritas”, дзякуючы іх старанням у капліцы гродзенскай семінарыі, заснаванай у той час, з’явіліся алтар і стацыі Крыжовага шляху. “Рухаючай сілай іх дзейнасці была харызматычная і прадбачлівая сястра Францішка Ожал, якую можна назваць жывым срэбрам”, – сказаў іерарх.
Ён дадаў, што ў 1991 годзе сёстры гэтай супольнасці пачалі служэнне ў Маскве, потым у Санкт-Пецярбургу, Пушкіне, Калінінградзе.

Па словах арцыбіскупа, Шанштацкі рух і Інстытут былі заснаваны тады, калі чалавецтва перажывала негатыўныя наступствы Першай сусветнай вайны і ганенняў на веру, часы секулярызацыі і атэізацыі. “Кожны дзень мы павінны сутыкацца з новымі выклікамі. Таму харызма Шаштацкага руху не старэе”, – адзначыў іерарх.
“Папа Леў XIV у энцыкліцы “Magnifica Humanitas” (“Цудоўнае чалавецтва”) піша, што Марыя не толькі вучыць нас успрымаць нябачныя Божыя справы, але і накіроўвае наш позірк на праблемы чалавецтва і вучыць глядзець на іх вачыма Божай міласэрнасці, – сказаў арцыбіскуп. – На іконе Шанштацкай Божай Маці Тройчы Цудоўнай напісана: “Нічога без Цябе. Нічога без нас”. Разам з Марыяй сёстры пакліканы быць выбраным начыннем у справе маральнага аднаўлення свету і яго збаўлення, асабліва ў наш час небывалага тэхнічнага прагрэсу, які вядзе да новай рэлігіі – прагрэсівізму. (…) Інфармацыйныя тэхналогіі робяць чалавека падуладным сабе, і ён страчвае Божы вобраз, паводле якога створаны, што вядзе да цывілізацыйнай катастрофы. Гэта выклік для сясцёр – дапамагаць людзям не страціць дадзенай Богам годнасці. Мы, хрысціяне, пакліканы быць не бяздушнымі нумарамі”.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў сёстрам Шанштацкага Інстытуту за шматгадовае служэнне ў нашай краіне. Па яго словах, гэтае ціхае, але вельмі плённае служэнне і вернасць ідэалам айца Ёзафа Кентэніха з’яўляюцца духоўным упрыгажэннем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
Сястра Марына Толкач ISSM ад імя ўсіх сясцёр Шанштацкага Інстытуту падзякавала прысутным за дар супольнай малітвы і падтрымку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі






