Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі прадстаўляе ўвазе чытачоў духоўна-асветніцкае выданне “Шукай міру і імкніся да яго” а. Жака Філіпа ў перакладзе на рускую мову.
“Наш век – гэта век мітусні і неспакою... ” – з гэтых слоў пачынаюцца ўводзіны да кнігі. Французскі святар прыводзіць добра прыкметную тэндэнцыю ў сучасным свеце, якая назіраецца таксама ў хрысціянскім і духоўным жыцці. “Часта мы нервуемся і турбуемся, жадаючы ўсё вырашыць самастойна, у той час як значна больш эфектыўна было б заставацца ў спакоі пад поглядам Бога і дазволіць Яму дзейнічаць у нас сваёй мудрасцю і сілай, якія бясконца перавышаюць нашу мудрасць і сілу”, – упэўнены аўтар.
Змест кнігі складаецца з некалькіх частак, якія разглядаюць унутраны мір як шлях да святасці, а таксама прапануюць разважанні і парады наконт таго, як рэагаваць на тое, што пазбаўляе нас міру. Напрыканцы змешчаны выбраныя тэксты святых розных эпох, якія дапаўняюць узнятыя тэмы.
Кнігі святара і прапаведніка а. Жака Філіпа перакладзены на 18 моў і ўбачылі свет агульным тыражом 400 тысяч экземпляраў. Нашаму чытачу аўтар вядомы па раней выдадзенай кнізе “У школе Святога Духа”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






