Skip to main content

Святая Імша: ад пачатку да канца

photo 2026 06 03 15 18 45Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі прэзентуе новае духоўна-асветніцкае выданне – “Святая Імша з Бібліяй у руках” Эдварда Шры ў перакладзе на рускую мову.

“Для католікаў св. Імша з’яўляецца цэнтрам веры. Мы здзяйсняем яе кожны дзень. Мы ведаем усе адказы, усе жэсты. Але ці ведаем мы, што ўсё гэта азначае?” – гаворыцца ў анонсе да кнігі.

Доктар багаслоўя Эдвард Шры даследуе біблейскія карані слоў і жэстаў, якія выкарыстоўваюцца падчас літургіі, і ў даступнай форме тлумачыць іх глыбокае значэнне. Чытач нібы адпраўляецца ў біблейскі тур па св. Імшы, ад пачатковага знака крыжа да заключнага “Дзякуем Богу”.

Змест кнігі складаецца з некалькіх частак, якія асобна разглядаюць пачатковыя абрады, літургію Слова і літургію Эўхарыстыі, а таксама заключныя абрады.

Аналізуючы іх праз прызму Бібліі, можна ў новым святле паглядзець на св. Імшу. Гэта дапаможа лепш зразумець глыбіню таго, што адбываецца падчас літургічных дзеянняў, і спасцігнуць значэнне таго, што мы гаворым і робім, удзельнічаючы ў гэтых таямніцах.

Даведацца больш пра літаратуру выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама пакінуць водгук на кнігу ці замовіць канкрэтнае выданне па пошце можна праз telegram-канал.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі