30 мая ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне святкавалася 50-я гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння і 35-я біскупскай сакры біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча, які быў першым ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп цэлебраваў Імшу падзякі Богу за дар жыцця, атрыманыя ласкі і ўсіх людзей, пастаўленых Панам на яго жыццёвым шляху.
Сярод духавенства, якое ўдзельнічала ў цэлебрацыі, былі Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Прысутнічалі прадстаўнік праваслаўнага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія протаіерэй Аляксандр Хомбак, пастар евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, шмат вернікаў розных парафій, родныя біскупа Аляксандра і яго землякі з Віленшчыны, студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, кансэкраваныя асобы.
У пачатку літургіі канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч прачытаў ліст Святога Айца Льва XIV, дасланы з нагоды юбілею біскупа.
Біскуп Уладзімір Гуляй у прывітальным слове адзначыў, што гэты дзень юбілею яго “глыбокапаважанага папярэдніка, айца і мудрага пастыра мясцовага Касцёла” мае для каталіцкай супольнасці Гродзеншчыны “сапраўды гістарычны характар”. “У гэтым годзе Гродзенская дыяцэзія адзначае 35-годдзе свайго ўтварэння, і менавіта ў святле гэтага юбілею сёння яшчэ выразней бачым, як Божы Провід нябачна, але мудра вядзе гісторыю чалавека, гісторыю народа і гісторыю Касцёла”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, менавіта з імем біскупа Кашкевіча “непадзельна звязаны пачатак сучаснай гісторыі нашага дыяцэзіяльнага Касцёла”, “менавіта яго вера, пастырская мудрасць, трываласць, ціхая ахвярнасць, бацькоўская прысутнасць, клопат пра святароў, семінарыю, кансэкраванае жыццё, катэхізацыю, пакліканні, моладзь, сем’і і парафіяльныя супольнасці на працягу многіх гадоў дапамагалі будаваць і ўмацоўваць духоўны дом Гродзенскай дыяцэзіі”. “Хачу выказаць Вам словы глыбокай пашаны, шчырай сыновай удзячнасці і братэрскай любові, – дадаў біскуп, звяртаючыся да свайго папярэдніка. – Дзякуем Богу за дар Вашага жыцця. Дзякуем за дар Вашага святарскага і біскупскага паклікання. Дзякуем за Вашую працу, Вашую вернасць, Вашую малітву, Вашую цярплівасць, Вашу любоў да Касцёла і да чалавека”.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла на Беларусі, прамовіў гамілію, заклікаўшы прысутных разам з юбілярам спяваць гімн Панны Марыі “Magnificat” (“Велічае душа мая Пана”) як знак удзячнасці за ахвярнае служэнне біскупа Кашкевіча. Арцыбіскуп прыгадаў, што Божы Провід у пэўным сэнсе з’яднаў яго з юбілярам: яны вучыліся ў каўнаскай семінарыі, доўгі час працавалі ў Вільні, будучы арцыбіскуп быў вікарыем юбіляра і “не мог уявіць, што потым удзеліць яму біскупскую сакру”.
“Пакліканне да святарства – гэта таямніца. Бог кліча, а пакліканы павінен адказаць. Сімвалічна, што юбіляр даў гэты адказ, працуючы паштальёнам. Ён разносіў лісты людзям, каб потым несці ім пасланне Евангелля, – сказаў арцыбіскуп. – Пакліканне – гэта дар святару, бо толькі ён можа цэлебраваць сакрамэнты і дзейнічаць ад імя Хрыста. Гэта таксама дар людзям, бо святар узяты з людзей і пастаўлены на служэнне ім у Божых справах”.
Арцыбіскуп звярнуў увагу на значэнне ў жыцці біскупа Кашкевіча трох прынцыпаў хрысціянскага жыцця – веры, надзеі і любові: “Глыбокая вера дапамагала яму ў служэнні, калі ён не засяроджваўся на зямным, а шукаў «таго, што ў вышынях». Для яго надзея – гэта ўпэўненасць, што служэнне мае сэнс, нават калі адзначана выпрабаваннямі, бо ў канцы тунэля ёсць святло. Яго пастырская любоў бачна ў малітве і цэлебрацыі сакрамэнтаў; яна ў клопаце пра фармацыю, жыццё святароў і кансэкраваных асобаў і пакліканні, у развіцці розных пастырскіх праграм для дзяцей, моладзі, інтэлігенцыі, людзей працы, сем’яў, абароны жыцця, хворых, рухаў, дабрачыннасці, мас-медыя, у будаўніцтве новых касцёлаў і аднаўленні ранейшых. На малітве ён чэрпае сілы для выконвання сваіх абавязкаў, памятаючы, што вялікія праекты нараджаюцца і праблемы вырашаюцца не за канцылярскім сталом і не падчас дыскусій, а на каленях”.
“Яго служэнне можна параўнаць з забегам на стадыёне жыцця, напрамак якога вызначае Евангелле, – заўважыў арцыбіскуп. – У ім нельга затрымацца на паўшляху, а трэба ўпэўнена ісці да мэты. Ён ішоў гэтым шляхам і працягвае ісці”. Іерарх дадаў, што ў цэнтры святарскага служэння “стаіць пытанне любові да Хрыста, дыялог з Хрыстом, які распачынаецца ў сакрамэнце хросту, ніколі не завяршаецца, у ім спее адказ на пакліканне да святарства і плённага служэння”.
Па словах арцыбіскупа, “сёння святарства з’яўляецца прадметам многіх пытанняў, часам непаразуменняў і супярэчлівых чаканняў: з аднаго боку, людзі хочуць бачыць святара духоўным айцом і правадніком, з іншага праяўляюцца тэндэнцыі звесці яго да ролі сакральнага чыноўніка – у выніку ўзнікае небяспека размыцця дару паклікання”. “Калі роля святара будзе зведзена толькі да ўдзялення сакрамэнтаў і сацыяльнага служэння, Касцёл ператворыцца ў “бюро добрых паслугаў”, – падкрэсліў іерарх. – Біскуп Аляксандр у душпастырскай дзейнасці кіраваўся здаровай дактрынай і пачуццём “сакрум”, для яго святарская тоеснасць – гэта быць alter Christus (другім Хрыстом)”.
Арцыбіскуп назваў гэты юбілей “добрай нагодай да малітвы аб пакліканнях і развіцця адмысловага душпастырства, каб заахвоціць маладых людзей адкрыцца на голас Бога”.
“Тры пакаленні ганенняў ператварылі Касцёл у нашай Айчыне ў руіны. На долю біскупа Аляксандра выпала заданне адрадзіць яго. І ён гэта зрабіў. Нялёгка быць першым, але ён з Божай дапамогай пераадолеў усе цяжкасці, а цяпер яго наступнік біскуп Уладзімір працягвае гэтую працу, – сказаў арцыбіскуп і дадаў, звяртаючыся да юбіляра: – Без цябе Касцёл не быў бы такім дынамічным. Божы Провід выбраў цябе як адпаведнага пастыра, у адпаведны час і паставіў у адпаведнае месца. Ты сеяў і працягваеш сеяць, бо верыш, што Бог дасць вялікі плён. І Ён дае, за што ты праслаўляеш Яго, бо вялікае Ён учыніў табе, а праз цябе – людзям. (…) Бог заклікае цябе далей служыць Яму, Касцёлу і людзям, наталяць іх духоўную смагу вадой збаўчай ласкі”.
Юбіляр у слове падзякі адзначыў, што “радасць святара – каштоўны дар не толькі для яго самога, але найперш для людзей, якіх ставіць Бог на шляху яго служэння, у розных абставінах і падзеях, перажываннях і сустрэчах”. Ён прызнаўся, што заўсёды ўспрымаў сваё святарства “з радасцю і ўдзячнасцю: як тады, калі пяць гадоў быў у Панявежысе вікарыем, а потым дзесяць гадоў у Вільні пробашчам, так і ў гады цяперашняга біскупскага служэння”. “Шчыра скажу – не думаў, што Божая міласэрнасць будзе весці мяне такімі цудоўнымі і нечаканымі шляхамі жыцця і паклікання, у прыгожым і заўсёды маладым Касцёле, напоўненым дарамі Духа Святога”, – дадаў біскуп Аляксандр.
“Гэты Касцёл, які я шчыра люблю і да якога сам маю гонар належаць, – нешта нашмат большае, чым арганізацыя, гэта жывы арганізм, Містычнае Цела Хрыста, Галавой і Будаўніком якога з’яўляецца наш Збаўца”, – сказаў іерарх. Па яго словах, на кожным з жыццёвых этапаў – дома, у школе, на вайсковай службе, працы, у семінарыі ў Каўнасе, а потым у гады прэзбітэрскага і біскупскага служэння – ён адчуваў Божую любоў і апеку, на кожным сустракаўся з чалавечай дабрынёй і спагадлівасцю, кожны яго духоўна ўзгабагаціў. Ён адзначыў, што здзяйсняць сваё служэнне можа “дзякуючы Сэрцу Езуса”, якое “б’ецца” ў яго сэрцы, і што, думаючы пра радасць, ён натхняецца прыкладам Панны Марыі, якая “ўмела быць крыніцай радасці для самых маленькіх і простых”.
Біскуп выказаў падзяку за прысутнасць і віншаванні. Сярод іх ён падзякаваў Святому Айцу – за ўдзеленае з нагоды юбілею благаслаўленне; арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу – нагадаўшы, што гэта быў першы ў Беларусі біскуп, які распачаў як апостальскі адміністратар справу адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне; свайму наступніку біскупу Уладзіміру Гуляю – юбіляр сказаў, што, гледзячы на “евангельскі запал гэтага біскупа, яго сапраўдную руплівасць аб Божых справах, працавітасць і адданасць”, ведае, што “Касцёл на Гродзеншчыне пад апекай добрага пастыра і што яго чакае вялікая, цудоўная будучыня”.
“Дзякую ўсім вам, умілаваныя вернікі нашай дыяцэзіі: старэйшаму пакаленню, якому мы ўдзячныя перадачай дзецям і ўнукам веры і нашай сямейнай традыцыі; моладзі і дзецям, якія з’яўляюцца будучыняй нашага Касцёла; нашым цудоўным сем’ям, якія любяць Касцёл і стараюцца клапаціцца аб духу веры. Ахопліваю сэрцам і ўдзячнасцю кожнага з вас і прашу: перадайце прывітанне членам сваіх сем’яў, асабліва тым, хто хварэе, пакутуе, змагаецца з немачамі і абмежаванасцю пажылога ўзросту. Перадайце ім мае выразы павагі і блізкасці разам з запэўненнем, што малюся за іх і прашу Пана, каб яны заўсёды адчувалі сябе любімымі Езусам і патрэбнымі ў супольнасці Касцёла”, – дадаў юбіляр.
Пасля благаслаўлення, удзеленага прысутнымі іерархамі, прагучалі шматлікія звароты і віншаванні ў адрас біскупа Аляксандра.
Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа адзначыў, што юбіляр з 1991 па 2024 год “нястомна вёў Божы народ праз вырашальныя перыяды гісторыі”, “адкрываў прасторы для евангелізацыі, фармацыі і камуніі”, “з айцоўскім сэрцам і духам супакою захоўваў веру і падтрымліваў надзею, робячы дыяцэзію жывым і гасцінным месцам, укаранёным у Евангеллі і адкрытым на свет”. “Яго пастаянная ўвага да дыяцэзіяльнай супольнасці, яго евангельская простасць і руплівае ажыццяўленне пастаноў Другога Ватыканскага Сабору спрыялі таму, што Касцёл на Гродзеншчыне ўсё больш усведамляў сваю місію – быць знакам адзінства, дыялогу і сведчання, – дадаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. – Адзначаць сёння яго святарскі юбілей азначае прызнаваць не толькі яго асабістую вернасць, але і плённасць служэння, якое здолела злучыць гісторыю Касцёла з гісторыяй народа. (…) Яго жыццёвы дэвіз “Езу, давяраю Табе” застаецца для ўсіх нас запрашэннем аднаўляць давер да Пана, жыць з адкрытым сэрцам і дазваляць Яго міласэрнасці весці сябе. Сведчанне біскупа Кашкевіча нагадвае нам, што сапраўдная сіла Касцёла нараджаецца з малітвы, еднасці і штодзённай вернасці Евангеллю”.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускага каталіцкага епіскапату адзначыў, што юбіляр увайшоў у гісторыю як першы біскуп Касцёла на Гродзеншчыне. “Гэты ганаровы тытул Вы шматразова пацвярджалі Вашымі ўчынкамі, якія адзначаліся сапраўднай бацькоўскай любоўю, клопатам пра кожнага, хто да Вас звяртаецца, прыкладам чалавечнасці і малітоўнай паставай”, – сказаў іерарх біскупу Аляксандру.
Выказаў віншаванні і падзякаваў біскупу за прыемнае супрацоўніцтва з ім Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Прадстаўнік архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія протаіерэй Аляксандр Хомбак прачытаў віншаванні праваслаўнага іерарха. У віншаваннях гаворыцца, што дэвіз біскупа Аляксандра “Езу, давяраю Табе” “стаў для многіх прыкладам той глыбокай веры, якая і з’яўляецца сапраўднай сутнасцю хрысціянскага служэння”. “Узначальваючы Гродзенскую дыяцэзію з часу яе ўтварэння, Вы ўнеслі значны ўклад у развіццё касцёльных інстытутаў і ўмацаванне маральных асноў у рэгіёне. Ваша шматгадовая праца на Гродзеншчыне адзначана адказнымі адносінамі да служэння Божаму Трону і ўскладзеных абавязкаў, імкненнем да падтрымкі высокай духоўнай культуры і садзейнічаннем грамадскай згодзе”, – піша архіепіскап Антоній. “Вы заўсёды былі для гродзенскай зямлі добрым пастырам, гатовым пакласці душу за даручаны яму статак, – дадае праваслаўны іерарх. – Я заўсёды цаніў вашу адкрытасць да дыялогу і імкненне да міру і ўзаемаразумення паміж вернікамі нашага агульнага горада. (…) Для мяне было асабліва важна, што гэтая лінія добрага супрацоўніцтва была пракладзена яшчэ Вамі і святой памяці мітрапалітам Філарэтам, першым Патрыяршым Экзархам. Сёння вы працягваеце заставацца духоўным арыенцірам”.
Пастар Евангелічна-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў павіншаваў біскупа Аляксандра ад імя сваёй супольнасці і нагадаў пра добрыя адносіны з Каталіцкім Касцёлам на Гродзеншчыне.
Ад імя катэдральнага капітуту і духавенства дыяцэзіі віншаванні выказаў кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, ад імя Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі – а. Аляксандр Махнач SP. Юбіляра павіншавалі студэнты гродзенскай семінарыі, навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне; ад імя сем’яў дыяцэзіі – сям’я Паўла і Марты Бяленік з гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай. Віншаванні і абяцанне малітвы выказалі прадстаўнікi апостальскага руху “Маргарытка” i Францішканскага Ордэну Свецкіх. Завяршэннем стаў зварот дзяцей катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя – паводле іх традыцыі гумарыстычны і адметны.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская
