29 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне цэлебравалі прыміцыйную Імшу яе выпускнікі ксяндзы Марцін Лудзіч, Яраслаў Казлоўскі, Максім Ваўчок, Віталій Сямёнаў, Дзмітрый Роўны і Аляксей Ціхан. Сакрамэнт пасвячэння ім удзяліў 23 мая біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Узначаліў цэлебрацыю кс. Максім Ваўчок.
У пачатку літургіі рэктар кс. Ян Раманоўскі адзначыў, што ўся супольнасць семінарыі цешыца з гэтай падзеі, а таксама што кожны семінарыст бачыць у маладых святарах надзею, што і ён праз некаторы час будзе цэлебраваць Эўхарыстыю. Рэктар нагадаў выпускнікам, што семінарыя з’яўляецца домам для кожнага з іх, і папрасіў ахвяраваць малітву за ўсю яе супольнасць.
Гамілію прамовіў кс. Аляксей Ціхан, папрасіўшы ў ёй аб малітве за новапрэзбітэраў, каб яны маглі прымаць кожнага чалавека.
У канцы Імшы выпускнікі падзякавалі за запрашэнне і ўдзялілі святарам і семінарыстам прыміцыйнае благаслаўленне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
