Skip to main content

“Жыць Евангеллем”: пачаліся Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

ddm 26

1 мая пачаліся дыяцэзіяльныя Дні моладзі, яны праходзяць пры смаргонскай парафіі св. Арханёла Міхала пад дэвізам “Жыць Евангеллем”.

Сустрэча працягваецца да нядзелі 3 мая ўключна. Яна сабрала больш за 600 удзельнікаў з Гродзенскай дыяцэзіі, таксама прыбыла моладзь з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Пры смаргонскай парафіі дыяцэзіяльныя Дні моладзі праходзяць у трэці раз (упершыню прайшлі ў 2003 г.).
Мерапрыемства пачалося малітвай і ўскладаннем кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызанаў. Душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Яўген Амасёнак, звяртаючыся да ўдзельнікаў, сказаў, што трэба памятаць пра тых, дзякуючы каму сённяшнія людзі могуць жыць і быць шчаслівымі. “Перад намі былі тыя, хто аддаў сваё жыццё за мір”, – адзначыў ксёндз Яўген, кажучы пра загінулых.

Пасля адбылася святая Імша – галоўны пункт праграмы кожнага дня дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі. Цэлебрацыю ўзначаліў кс. Яўген Амасёнак. Удзельнікаў цёпла прывітаў пробашч смаргонскай парафіі кс. Алег Каралёў SDB, падкрэсліўшы, што для гэтай парафіяльнай супольнасці вялікі гонар прымаць столькі маладых людзей.

ddm 13

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны. Ён пажадаў маладым людзям, каб для іх сталі духоўна плённымі тры дні гэтай сустрэчы і каб у Смаргоні яны добра сябе адчувалі.

Ксёндз Яўген у гаміліі пажадаў удзельнікам, каб іх сэрцы “не турбаваліся”, бо “там, дзе ёсць Езус, там ёсць супакой, Езус трымае нас за руку і дае супакой, гаворачы: “Я з табою”. “Найважнейшае – што мы з Ім, – сказаў святар. – Ён падрыхтаваў нам месца на гэтых Днях моладзі. Тут, у Смаргоні, мы ўсе дома, у доме Божым з Хрыстом. Ен прабывае там, дзе мы”. Нагадваючы адпаведныя словы Евангелля, ксёндз Яўген дадаў, што Езус Хрыстус “дарога, праўда і жыццё”.

Па словах святара, калі б кожны з прысутных не прыбыў на гэтыя Дні моладзі, то “момант быў бы прапушчаны” і такі чалавек замест удзелу ў гэтай сустрэчы “проста лістаў бы “стужку” ў сацсетках”. “Шчасце можна выбраць. І вы выбралі быць тут”, – сказаў ксёндз Яўген.

Ён параіў маладым людзям паспрабаваць знайсці на гэтай сустрэчы момант, каб пабыць з Езусам. “Прыйдзі да Бога, падзяліся радасцю”, – дадаў святар. Ён заахвоціў кожнага з удзельнікаў: “Не бойся, з табою Бог”, а таксама выказаў Пану падзяку за тое, што ўсе прысутныя “могуць быць адным арганізмам”.

Першы дзень мерапрыемства завяршыўся танцамі і канцэртам групы “Таў” з Мінска. Таксама ў праграме іншыя канцэрты, майстар-класы, канферэнцыі, сустрэчы.

ddm1 2

Удзельнікі маюць магчымасць для зносін, могуць пазнаёміцца з жыццём Касцёла. Дні моладзі скончацца святой Імшой, якую будзе цэлебраваць біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Арганізатары Дзён моладзі спадзяюцца, што дзякуючы насычанай праграме гэтая сустрэча запомніцца прысутным надоўга. Па словах удзельнікаў, гэтая падзея, якой маладыя людзі вельмі чакалі, з’яднала іх у атмасферы веры, сяброўства і натхнення, доказ чаго – агонь радасці ў іх вачах. “Гэта выдатная магчымасць знайсці новых сяброў, умацавацца духоўна і па-сапраўднаму адчуць, што значыць жыць Евангеллем сёння”, – кажуць прысутныя.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі