Skip to main content

У гродзенскай семінарыі прайшоў дзень засяроджання ў цішыні

zasiarodzania 5

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання.

Праходзіў ён адметным чынам – у цішыні, што надавала гэтай сустрэчы адмысловы характар у кантэксце Вялікага посту. Дзень засяроджання даваў удзельнікам магчымасць вучыцца слухаць тое, што рыхтуе для кожнага Бог, а прыкладам для іх была Панна Марыя, якая прыняла волю Бога ў цішыні свайго дома ў Назарэце, – гэтая падзея якраз і ўспамінаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

zasiarodzania 15

Удзельнікі дня засяроджання адзначылі, што ён стаў для іх “асаблівым часам сустрэчы з Богам”: “Калі змаўкае знешні шум, пачынае гучаць голас сумлення і Божае слова”.

“Сапраўдная малітва заўсёды вядзе да канкрэтных учынкаў”, – дадалі ўдзельнікі ў сувязі з тым, што ў гэты дзень многія з іх далучыліся да справы абароны зачатага жыцця, узяўшы на сябе абавязак на працягу дзевяці месяцаў штодня маліцца за дзіця, якому пагражае смерць у чэраве маці. Такім чынам, па іх словах, гэты дзень стаў для іх “часам не толькі маўчання, але і адказнасці за самае каштоўнае — дар жыцця”. “Гэта наша «fiat» Богу, які ёсць Жыццё”, – патлумачылі семінарысты.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі