Skip to main content

Пастырскае слова біскупа Гродзенскага з нагоды Дня малітвы за жанчын

IMG 9587горизонт 7 1

Дарагія ў Хрысце сёстры – паважаныя бабулі, маці, жонкі, дочкі, асобы кансэкраванага жыцця, усе жанчыны нашай Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй нашай Бацькаўшчыны!

У гэтыя дні, калі Касцёл перажывае благаслаўлёны час Вялікага посту – час навяртання, малітвы і духоўнага абнаўлення, – а прырода паволі абуджаецца пасля зімовага спакою і вясна прыносіць новае дыханне жыцця і надзеі, свет адзначае Міжнародны жаночы дзень. Гэтая дата становіцца добрай нагодай, каб з асаблівай удзячнасцю і пашанай звярнуцца да вас, жанчын, якія з’яўляюцца дарам Бога для сям’і, Касцёла і грамадства.

Сёлета гэтае святкаванне набывае яшчэ больш глыбокае значэнне, бо бягучы год у Беларусі абвешчаны Годам беларускай жанчыны. Гэта заклік не толькі ўбачыць вашыя дасягненні і заслугі, але перадусім адкрыць глыбіню вашага паклікання, вашай духоўнай сілы, здольнасці любіць, захоўваць і будаваць жыццё там, дзе часам пануюць стомленасць, страх або няпэўнасць.

Святое Пісанне ад самага пачатку гісторыі збаўлення паказвае, што жанчына займае асаблівае месца ў Божым плане. Бог даверыў ёй таямніцу жыцця, здольнасць клапаціцца, суцяшаць і несці надзею. У асобе Найсвяцейшай Панны Марыі мы бачым найпрыгажэйшы вобраз жанчыны – пакорнай і адначасова моцнай, ціхай і ў той жа час мужнай, здольнай сказаць Богу сваё «так» нават тады, калі шлях вядзе праз выпрабаванні і крыж.

Дарагія жанчыны! Вы прысутнічаеце ў жыцці Касцёла часта непрыкметна, але вельмі істотна. Вы настаўніцы веры ў сем’ях, бо менавіта ваш голас першым вучыць дзіця малітве; вы захавальніцы традыцыі, бо праз вас перадаецца культура, мова і дух народа; вы сведкі надзеі, бо нават у цяжкіх абставінах умееце падтрымліваць і ўздымаць іншых. Вашая адданасць у парафіях, у катэхізацыі, у дабрачыннасці, у малітоўных супольнасцях і штодзённым ціхім служэнні з’яўляецца неацэнным скарбам для Касцёла.

Сённяшняму свету, поўнаму хуткасці і неспакою, асабліва патрабуецца жаночая чуласць і мудрасць. Менавіта праз вас Бог часта дакранаецца да чалавечых ран, вяртае супакой у сэрцы і нагадвае пра годнасць кожнага чалавека. Вы здольныя бачыць тое, што іншыя не заўважаюць: боль самотнага, патрэбу дзіцяці, стомленасць пажылога чалавека. У гэтым праяўляецца вялікая місія любові, якую Пан даверыў жанчыне.

Час Вялікага посту нагадвае нам пра шлях праз пустыню да ўваскрасення. І менавіта жанчыны былі побач з Езусам у самыя цяжкія хвіліны Яго пакутаў. Яны не ўцяклі ад крыжа, але засталіся вернымі. Таму невыпадкова менавіта жанчыны першымі пачулі радасную навіну пра ўваскрасенне. Гэта знак таго, што вернасць і любоў маюць сілу перамагаць цемру.

Дарагія сёстры! Няхай пачатак вясны, якая ўжо стукаецца ў нашыя дамы і сэрцы, стане сімвалам новай надзеі і абнаўлення. Няхай Бог благаславіць вашу працу і служэнне – у сем’ях, у прафесійным жыцці, у адукацыі, медыцыне, культуры, грамадскай дзейнасці і ў кожным месцы, дзе вы штодня будуеце дабро.

Ад усяго сэрца дзякую вам за цярплівасць і вернасць, за ахвярнасць і клопат, за малітву, якой часта ніхто не бачыць, але якая падтрымлівае свет. Дзякую матулям, якія вучаць дзяцей любові і веры; бабулям, якія перадаюць мудрасць пакаленняў; маладым дзяўчатам, якія шукаюць свой жыццёвы шлях; жанчынам, якія прысвяцілі сябе Богу ў манаскім і кансэкраваным жыцці; усім, хто праз свае штодзённыя справы робіць наш свет больш чалавечным.

У гэты дзень даручаю кожную з вас мацярынскай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі – Жанчыны надзеі і Маці Касцёла. Няхай Яна вучыць вас даверу Богу, супакою сэрца і радасці служэння.

Жадаю вам духоўнай моцы, унутранага супакою, здароўя, павагі і любові блізкіх. Няхай Пан Бог адорвае вас сваёй ласкай, а вясна няхай прынясе святло, цеплыню і новую надзею ў вашыя сем’і і сэрцы.

З удзячнасцю і пастырскім благаслаўленнем

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 8 сакавіка