Skip to main content

Супрацоўнікі “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі ўдзельнічалі ў велікапосных рэкалекцыях

caritas rec 1

Супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі ўзялі ўдзел у агульнабеларускіх велікапосных рэкалекцыях для супрацоўнікаў гэтага таварыства. Рэкалекцыі прайшлі з 2 па 4 сакавіка ў Пінску.

Правёў духоўныя практыкаванні кс. Станіслаў Вашкевіч SAC. Святар дапамагаў удзельнікам нанова асэнсаваць сем учынкаў міласэрнасці для цела бліжняга.
Галоўнай думкай усіх канферэнцый у межах рэкалекцый было тое, што чалавеку патрэбна не толькі дапамога, але і сам чалавек. На рэкалекцыях гаварылася, што сапраўдная міласэрнасць немагчымая без чалавечай чуласці, сардэчнай цеплыні і клопату аб душы бліжняга, што часам цёплае слова, позірк ці хвіліна ўвагі ратуюць чалавека больш, чым любы матэрыяльны дар.

Завяршыліся рэкалекцыі святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка з удзелам дапаможнага біскупа дыяцэзіі Андрэя Зноскі. “Гэтае адзінства з пастырамі дало нам адчуванне моцнай духоўнай апоры”, – паведамілі прадстаўнікі “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.

Па іх словах, рэкалекцыі сталі для іх асаблівым часам духоўнага аднаўлення. Кажучы пра тое, што даюць такія дні супрацоўнікам дабрачынных сфер, прадстаўнікі таварыства адзначылі: “Наша праца патрабуе вялікіх душэўных рэсурсаў. Рэкалекцыі — гэта магчымасць «напоўніць збан», каб мець што раздаваць іншым. Гэта час, калі мы вучымся бачыць у кожным падапечным не проста «выпадак», а жывы вобраз Хрыста. Мы вяртаемся да працы з адноўленым сэрцам, гатовым дарыць не толькі рэчы, але і надзею, суцяшэнне і любоў. Дзякуем Богу за гэты плённы час! Дзякуем арганізатарам і ўсім, хто быў побач”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі