
4 сакавіка, у свята апекуна Гродзенскай дыяцэзіі святога каралевіча Казіміра, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша.
Літургію цэлебраваў у інтэнцыі супольнасці дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, прысутнічала вялікая колькасць вернікаў.
Імшы папярэднічала малітва Літургіі гадзін з удзелам канонікаў катэдральнага капітулу, апекуном якога таксама з’яўляецца святы Казімір.
Перад пачаткам Імшы, звяртаючыся да прысутных, біскуп сказаў, што свята св. Казіміра, “вызнаўцы і вернага сведкі Евангелля”, нагадвае, “што святасць – пакліканне кожнага ахрышчанага; што вернасць Богу магчымая ў кожным стане жыцця; што сапраўдная веліч чалавека вымяраецца не ўладай ці багаццем, а чыстасцю сэрца, пакорай, міласэрнасцю і мужнасцю жыць паводле Божага закону”.

Вітаючы канонікаў капітулу, іерарх адзначыў, што яны “праз сваё служэнне малітвы, клопат пра літургічную годнасць і падтрымку біскупа ў душпастырскай місіі выяўляюць жывую традыцыю Касцёла і адказнасць за духоўнае дабро дыяцэзіі”, і пажадаў, каб прыклад святога Казіміра ўмацоўваў іх “у вернасці пакліканню, у еднасці і ў пастаянным пошуку Божай праўды”.
“Няхай заступніцтва святога Казіміра выпрасіць для нашай дыяцэзіі новыя пакліканні, адзінства, супакой і вернасць Хрысту”, – дадаў біскуп.
У гаміліі віцэ-канцлер біскупскай курыі кс. канонік Антоні Грэмза засяродзіў увагу на постаці святога Казіміра, які жыў у XV стагоддзі і адышоў у вечнасць у Гродне ў 1484 г. Ксёндз Антоні падкрэсліў, што Бог дае святых на кожны час, каб яны былі сведкамі жыцця вечнага, нагадвалі вернікам, што праўдзівая святыня – у небе, і падтрымлівалі іх на Хрыстовым шляху.
Святар дадаў, што каралевіч Казімір з самага дзяцінства імкнуўся супрацоўнічаць з Божай ласкай, пазнаваў і любіў Божыя стварэнні, верна выконваў волю Пана.
Ксёндз Антоні адзначыў, што святога любілі і паважалі за служэнне людзям і што такому бескарысліваму служэнню і вялікай пакоры Казімір вучыць сучасных вернікаў.
У канцы Імшы біскуп Гродзенскі падзякаваў удзельнікам за супольную малітву.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
