Ён не ўбогі, калі ён у Бога
"Маўклівы крык шматлікіх бедных павінен падштурхнуць Божы народ быць на перадавой, заўсёды і паўсюль, каб даваць ім голас, бараніць і салідарызавацца з імі перад абліччам розных форм крывадушнасці і шматлікіх няспоўненых абяцанняў”, – адзначыў папа Францішак у сёлетнім пасланні на Сусветны дзень убогіх.
Амаль 5 гадоў таму кс. Андрэй Бялаблоцкі знаходзіўся з місіяй у Паўднёвай Амерыцы, дзе ахвяраваў сваё служэнне бедным. Вярнуўшыся дадому, святар пачаў клапаціцца пра тутэйшых людзей, якія трапілі ў складаныя матэрыяльныя абставіны.
– Кс. Андрэй, Вы на працягу 3-ох месяцаў служылі сярод абяздоленых у Бразіліі. Распавядзіце, калі ласка, пра гэты досвед.
– Я служыў у фавэле (вялікая колькасць трушчоб з крайняй беднасцю і высокім узроўнем злачыннасці – заўв. аўт.). Гэта вельмі спецыфічнае месца. Калі там апынуўся ўпершыню, быў шакіраваны ўбачаным: пад нагамі смецце, ямы, хтосьці вылівае пад ногі адкіды. Паветра прасякнута непрыемным пахам. Хаты – дзе-нідзе з цэглы, але ў большасці пабудаваны з матэрыялаў, што трапілі пад руку на сметніку. Каб неяк весці свой быт, людзі крадуць электрычнасць і ваду ў дзяржавы: па ўсёй фавэле можна заўважыць шматлікія правады і трубы. І такім чынам суіснуць цэлыя сем’і: дарослыя, дзеці, старыя.
Місіянеры ў Паўднёвай Амерыцы маюць 3 формы служэння ўбогім: жыць як бедны, жыць побач з бедным, жыць для беднага. На фавэле місіянеры практыкуюць першы тып: жывуць у сціплай хатцы, куды за дапамогай звяртаецца кожны патрабуючы. І так павялося, што місіянеры на фавэле – гэта як у нас служба 101, 102, 103 і 104. Што б ні здарылася – прарвала трубу, захварэў, трэба дагледзець дзіця – усе бягуць да місіянераў. Раз на год яны таксама праводзяць генеральную ўборку ўсёй тэрыторыі трушчоб.
Чарговы акцэнт місіянеры робяць на працы з людзьмі. Напрыклад, вучаць дзяцей чытаць і пісаць, бо большасць з іх не ходзіць у школу. Арганізуюць розныя гульні, каб хлопцы і дзяўчаты мелі шчаслівы час дзяцінства. Чуваюць, каб яны таксама не трапілі пад уплыў бандытаў. Дарослых, у сваю чаргу, навучаюць розным карысным рэчам: шыць, гатаваць і г. д. У маёй практыцы быў выпадак, калі даглядаў за дзіцём дзяўчыны-падлетка, пакуль яна займалася ў школе. А калі вярталася, дапамагаў выконваць хатнія заданні.
Зразумела, місіянеры клапоцяцца пра духоўнае развіццё падапечных. Праводзяць катэхізацыю. Маюць каплічку, дзе адбываецца няспынная адарацыя. І, што цікава, згодна са сведчаннямі мясцовых жыхароў, калі пачалі адараваць Езуса Хрыста дзённа і ночна, на тэрыторыі фавэлы спыніліся забойствы.
– Як Вы прымянілі сваю практыку ў Беларусі?
– Я мару, каб у нашай краіне ўзнік дом для бяздомных. Пажадана пры парафіі. Гэта другі тып служэння, калі валанцёр жыве побач з убогім. Я быў у такім доме ў Бразіліі: людзі прыходзілі туды, пакідаючы вуліцу і дрэнныя звычкі. Мы разам ладзілі працу на агародзе ці ў сталярнай майстэрні. Разам бавілі вольны час: глядзелі фільмы ці гатавалі пасілкі. Разам маліліся. І я быў сведкам таго, як людзі змяняліся на вачах, нібы ажывалі, бо проста апынуліся ў прыязнай атмасферы. Калі ў нас знойдуцца вернікі і святары, якія б захацелі дапамагчы рэалізаваць такую задуму, можна было б згуртавацца і ўвасобіць яе ў жыццё.
З бласлаўлення біскупа, ахвяраванняў, рэкламы (і затым якаснай справаздачы) можна зрабіць шмат добрых рэчаў.
А калі казаць пра рэалізаваныя ідэі, то ўдалося зладзіць доўгатэрміновыя акцыі падтрымкі абяздоленых. Збіраліся з мясцовай моладдзю і шпацыравалі па горадзе, шукаючы бяздомных. Дзяліліся з імі пасілкам (звычайна бутэрбродамі і піражкамі), паілі гарбатай. І вялі з імі звычайную чалавечую гутарку: пыталіся пра блізкіх, праблемы. Моладзь спачатку саромелася, але пасля сама пераняла ініцыятыву.
Цяпер ужо ведаем імёны многіх, хто жыве на вуліцы. І яны ведаюць нас. У гэтым і ёсць сутнасць евангелізацыі абяздоленых: паказаць, што мы адкрытыя і хочам падзяліцца сваім часам. Людзі былі вельмі здзіўленыя, што чалавек ХХІ стагоддзя знайшоў хвіліну, каб удзяліць ім увагу. Увагу, якая ў выніку лячыла душы.
– Здараюцца сітуацыі, калі аб дапамозе на вуліцы просіць нецвярозы чалавек. Як паводзіць сябе ў такіх выпадках, каб сапраўды дапамагчы, а не садзейнічаць яго алкагалізму?
– Людзі з залежнасцямі – гэта людзі вельмі слабой волі. Звычайна прага да алкаголю настолькі вялікая, што яны часта забываюць паесці і могуць галадаць цягам некалькіх дзён. Калі нецвярозы просіць грошы, то даваць не трэба. Аднак прапанаваць купіць штосьці з прадуктаў варта, бо яго арганізм патрабуе падтрымкі.
Мы жывём у адным горадзе, і рана ці позна перасякаемся на яго вуліцах. Сёння гэты чалавек быў п’яны, а праз пэўны час можна сустрэць яго цвярозым. І гэта ўжо будзе нагода, каб спыніцца і спытацца: “Як тваё жыццё?”.
За праблемай алкагалізму заўсёды крыецца пэўная духоўная драма, якая справакавала залежнасць. І калі ты станеш побач, выслухаеш або распавядзеш штосьці, дакранешся да яго – радасці ў чалавека будзе куды больш, чым пасля чаркі. Таму ў якім бы стане чалавек не знаходзіўся, пажадана ўдзяліць яму ўвагу.
– Сустрэўшы шмат людзей, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны, Вы, напэўна, чулі шмат гісторый іх лёсу. Падзяліцеся тым, што ўразіла.
– Памятаю 2 выпадкі са сваёй місіі ў Бразіліі. Калі мы ў рамках служэння начавалі з бяздомнымі на вуліцы, я пазнаёміўся з пажылымі сужэнцамі, якія былі ў шлюбе больш за 40 гадоў. Звярнуўшы на гэта ўвагу, я спытаўся, дзе іх дзеці і чаму не клапоцяцца пра сваіх бацькоў. Сужэнцы адказалі, што дабравольна сышлі на вуліцу, каб не ўшчамляць дзяцей і ўнукаў. Дадалі, што месца ў доме не хапала, а на вуліцы заўсёды цёпла і ёсць валанцёры, якія час ад часу частуюць ежай.
Іншым разам мяне ўразілі ўжо маленькія бразільцы. Я праводзіў катэхезу ў месцы, дзе ўвогуле не было аніякіх умоў для навучання – абсалютная беднасць. Мы сядзелі проста на асфальце і праводзілі занятак. Я спытаўся, што смачнага прынесці ім наступным разам. Хлопцы і дзяўчаты папрасілі пірожныя. Калі атрымалі пажаданае, з задавальненнем узяліся есці. Усе, акрамя аднаго хлопчыка. Ён сказаў, што дома ёсць малодшая сястра, і яна таксама хацела б пакаштаваць далікатэс.
– Ці можна ў такім выпадку сцвярджаць, што ўбогія нас шмат чаму вучаць?
– Канешне. Адразу ўзгадваю яшчэ адну гісторыю. Аднойчы дзяліў абед з бедным і меў тады вельмі дрэнны настрой. Чалавек заўважыў гэта і ўсімі спосабамі імкнуўся мяне развесяліць. Сам ён пры гэтым меў раны на целе (пэўную хваробу), але ўсміхаўся і дзякаваў Богу за сённяшні дзень.
Няма такого беднага, які не меў бы чым падзяліцца. І няма такога багатага, які ні ў чым не меў бы патрэбы. Бедны мае радасць, усмешку, добрае слова. А ў сэрцы багатага заўсёды знойдзецца месца, каб прыняць любоў.
– Што, на Вашу думку, з’яўляецца галоўнай прычынай, якая спрыяе падзелу ў грамадстве і адкідвае абяздоленых на абочыну жыцця?
– Прычына ўвогуле ўсіх бед чалавецтва – абыякавасць. Чаму яна небяспечней любой зброі? Таму што паражае адразу 2 цэлі: чалавека, які абыякавасць праяўляе, бо знішчае ўсё добрае і прыгожае ўнутры яго; і асобу, якой датычыць абыякавасць, бо яна надалей застаецца “ў пустыні без аазіса”.
Што дапамагае заставацца людзьмі нам, хрысціянам? Канешне, вера. Затым яна дапамагае ўбачыць чалавека ў кожным, каго сустракаем, не зважаючы на яго непрывабны выгляд або непрыемнае нутро. І ужо пасля разгледзець Хрыста ва ўсіх, хто пакутуе.
Яшчэ адзначу, што ўбогія маюць здольнасць адчуваць сэрца бліжняга. І калі яны заўважаць у табе шчодрасць, любоў і веру, адразу адгукнуцца. І тады ўжо з евангелізаваных стануць евангелізатарамі.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішеўская