Велікапосны рахунак сумлення
Сёлетні перыяд Вялікага посту, калі кожны мог стаць у праўдзе, прызнаць свае памылкі і выправіцца, паволі падыходзіць да свайго завяршэння. Пройдзены за гэты прамежак часу шлях дапамагае наблізіцца да самай неспасціжнай Падзеі ў гісторыі чалавецтва, той Таямніцы, якая перавышае ўсялякае разуменне і якую немагчыма спазнаць уласнымі сіламі – Уваскрасенне Езуса Хрыста. Таму, напэўна, так важна напрыканцы велікапоснай дарогі спыніць свае крокі ў імклівым рытме штодзённасці, каб паразважаць над тым, як прайшоў гэты бласлаўлёны час навяртання, якія перамены прынёс у жыццё, ці паўплываў на глыбіню адносін з Богам і бліжнім.