Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі
   
  • Дыяцэзія
    • Мапа
    • Гісторыя
    • Заступнікі
    • Санктуарыі
      • Капцёўка
      • Рось
      • Гудагай
      • Гродна
      • Тракелі
      • Баруны
      • Шчучын
    • Душпастырствы
      • Вязняў
      • Службы аховы здароўя
      • Студэнтаў і моладзі "OPEN"
      • Настаўнікаў і выхавацеляў
      • Спорту
      • Сем'яў
      • Цвярозасці
      • Літургічнай службы алтара
      • Чыгуначнікаў
    • Парафіі
    • Установы
      • Суд
      • Карытас
      • Семінарыя
      • Семінарыйная бібліятэка
      • Сямейная кансультацыя
    • Манаскія супольнасці
      • Жаночыя
      • Мужчынскія
  • Духавенства
    • Аляксандр Кашкевіч
      Ардынарый Гродзенскі
    • Святары
  • Дакументы
    • Пастырскія лісты
    • Паведамленні
    • Дэкрэты
    • Фармуляры для святароў
  • Мерапрыемствы
    • Днi Моладзі
    • Дзень Дзіцяці
    • Парафіяда
    • Пілігрымкі
  • Публіцыстыка
    • Сям’я
    • Цікавыя людзі
    • Псіхалогія
    • Культура
    • Эканоміка
    • Гісторыя
    • Вера
    • Касцёл
    • Малітвы
    • Сакраманты
    • Святое Пісанне
    • Папа Рымскі
    • Святыя

Літургічны каляндар

Паверылі і прынялі Бога

sw Piotr i PawelСвятых апосталаў Пятра і Паўла, а таксама іх уклад у развіццё Касцёла можна параўнаць з роляй лёгкіх у арганізме чалавека. Бог стварыў нас так, што маем два лёгкіх, якія супрацоўнічаюць і з’яўляюцца неабходнымі для нашага здаровага жыцця. Падобна з Пятром і Паўлам. Два вучні Езуса – дзве розныя гісторыі паклікання і жыцця для місіі аднаго Касцёла.

Першы сярод апосталаў

Першым, хто сустрэў Езуса і паверыў, быў св. Пётр. Езус паклікаў яго ад працы рыбака. Затым ён стаў рыбаком людзей. Заслуга Пятра ў тым, што ён першым з апосталаў прызнаў Езуса Месіем.

З Евангелля можам даведацца, што Пётр быў імпульсіўным чалавекам. Меў таксама свае слабасці. У парыве эмоцый ён прысягнуў на вернасць Езусу. І разам з тым, перш чым праспяваў певень, у тую ж ноч тройчы выракся Настаўніка. На шчасце, Пётр не ўсумніўся ў Божай міласэрнасці. Горка плакаў, але таксама прыняў у сэрца праба- чэнне Хрыста, пасля ўваскрасення якога тройчы вызнаў любоў і адданасць Яму. Пётр быў верны да канца жыцця, якое аддаў як мучанік за веру. Езус зрабіў яго першым сярод апосталаў, і ад яго выводзіцца тое, што хры- сціянская традыцыя называе апостальскай пераемнасцю.

Абодва апосталы былі сузаснавальнікамі хрысціянскай гміны ў Рыме, абодва ў гэтым горадзе аддалі сваё жыццё для Хрыста (каля 67 года), а таксама ў Рыме знаходзяцца іх рэліквіі і базілікі-санктуарыі ў іх гонар.

Езус звярнуўся да яго асабіста

Шлях Паўла быў іншым. Ён быў адукаваным фарысеем, лічыў сябе рэлігійным чалавекам. Трымаўся Закона Старога Запавету, вельмі добра ведаў Святое Пісанне. Ён быў настолькі перакананы ў каштоўнасці старога Закона, што ненавідзеў вучняў Езуса. Менавіта Саўл узначаліў забіццё камянямі першага хрысціянскага мучаніка – Стэфана.

Аднак у яго жыцці здарылася тое, чаго ніколі не змог бы запланаваць для сябе. Па дарозе ў Дамаск ён атрымаў прасвятленне ад Бога. Езус звярнуўся да яго асабіста. Саўл страціў зрок. Гэта сімвалічная падзея, таму што раней ён фізічна мог бачыць, але не мог распазнаць Езуса як адзінага Збаўцу. Толькі тады паверыў, ахрысціўся і атрымаў дар Святога Духа. Спачатку Паўлу было нялёгка, бо хрысціянская супольнасць не хацела паверыць, што ён навярнуўся. Толькі праз некалькі гадоў, калі паказаў, што навяртанне не было часовым і павярхоўным, яго прынялі старэйшыны Касцёла. Тады Павел сустрэўся з Пятром у Іерусаліме і быў пасланы ім. Ён прачытаў сваё пакліканне як місіянера язычнікаў, таму шмат падарожнічаў і пісаў лісты супольнасцям, якія засноўваў. Быў зняволены ў Іерусаліме габрэямі, якія не прызнавалі Езуса сваім Збаўцам. Перададзены ўладам Рымскай імперыі, ён загінуў мучаніцкай смерцю шляхам адсячэння галавы.

Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла адзначаем 29 чэрвеня.

Узрастаць у веры

Можна заўважыць, што жыцці Пятра і Паўла дапаўняюць адно аднаго, падобна як у чалавека два лёгкія, якія дазваляюць паўнавартасна дыхаць. І менавіта ў іх мы можам сёння шмат чаму навучыцца.

Пётр паказвае нам, што вера – гэта шлях паступовага росту. Езус прыходзіць у наша штодзённае жыццё, у штодзённую працу і кліча стаць Яго вучнямі. Калі я паверу, калі прызнаю, што Езус сапраўды з’яўляецца Сынам Божым і маім Збаўцам, тады мае адносіны ў сям’і, на працы і, найперш, мае адносіны з Богам пераменяцца. Я раблю тое ж самае, але па-іншаму. Я больш не проста рыбак, службовец, менеджэр, працаўнік ці працадаўца, але чалавек Божы. Пётр вучыць нас яшчэ аднаму: калі я ўпаду, заўсёды ёсць магчымасць вярнуцца. Бог мяне не выкрэслівае, калі толькі я сам сябе не выкраслю.

Усвядоміць уваскрослага Езуса

У сваю чаргу Павел вучыць нас, што можна быць правільна рэлігійным чалавекам, які клапоціцца аб чысціні веры, але пры гэтым згубіць любоў Бога і Езуса. Да свайго навяртання Павел жыў як тыповы фарысей – уласнымі намаганнямі хацеў заслужыць збаўленне, безумоўнае і бясплатнае. Яму было цяжка прызнаць, што Бог збаўляе бясплатна. Аднак пасля навяртання ён зразумеў, што плёнам збаўлення з’яўляюцца справы любові і міласэрнасці. Ён таксама паказвае важнасць ролі Святога Духа, які адкрывае нам вочы, каб усвядоміць прысутнасць уваскрослага Езуса ў нашым жыцці.

Гледзячы на прыклад і сведчанне жыцця гэтых двух вучняў Езуса, будзем маліцца аб жывой веры для нас і руплівасці ў дзяленні ёю з іншымі.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

Друкаваць

Сэрца Бога

sercaКожны год у чэрвені мы святкуем урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая паказвае і набліжае нам велізарную любоў Бога да людзей. Гэтая любоў ахоплівае ўсіх, хто спадзяецца на Яго.

Прабітае дзідай сэрца Езуса, з якога выцекла кроў і вада – дзве жыватворныя крыніцы Божай любові і дабрыні, – з’яўляецца праявай бязмежнасці гэтай любові. Сэрца Хрыста напоўнена спагадлівай і міласэрнай любоўю. Евангеллі поўныя прыкладаў добразычлівай любові Езуса да кожнага патрабуючага чалавека. Яго дабрыню зведалі не толькі тыя, хто еў цудам размножаны Ім хлеб ці вяртаў страчанае здароўе, але і тыя, хто – сацыяльна адлучаны, пагружаны ў грахі – зведаў людское асуджэнне і быў блізкі да адчаю. Яны чулі ад Хрыста поўныя падбадзёрвання і надзеі словы: “Вер, сыне, адпускаюцца табе грахі”.

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса была ўстаноўлена ў Касцёле пасля аб’яўлення Хрыста св. Маргарыце Марыі Алакок у 1673–1675 гадах. У аб’яўленнях Хрыстос даручыў манахіні ўстанавіць свята ў гонар Яго Сэрца ў першую пятніцу пасля актавы Божага Цела.

Сэрца Езуса было адчувальным да матэрыяльнай беднасці і бяды чалавека, але значна больш чуллівым яно было, калі сутыкалася з беднасцю маральнай – грахом. Яе імкнулася вылечыць любым магчымым спосабам, каб толькі чалавек, які пакутуе ад такой бяды, не супраціўляўся ласцы дабрыні Езуса.

Гэтая велізарная любоў і дабрыня Сэрца Езуса, якую мы шмат разоў спазнавалі ў духоўным вымярэнні, патрабуюць адказу з нашага боку. І адзіным годным Бога адказам можа быць наша вялікая ўдзячнасць. Святы апостал Павел заклікаў вернікаў быць удзячнымі за дар веры і іншыя праявы Божай дабрыні. Яшчэ больш належыць дзякаваць за прабачэнне нам зла, якое ўчынілі ў сваім жыцці. Гэтае Божае прабачэнне з’яўляецца праявай любові дарэшты. Таму Езус чакае нашай узнагароджваючай любові.

Сёлета ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса адзначаем 24 чэрвеня.

Многія людзі сёння растоптваюць міласэрную любоў Бога. Ёсць шмат тых, хто стаіць асобна ад Яго, хто штодзённа сілкуецца грахом, не ўсведамляючы, што такое любоў Езуса. Таму з нашага боку ёсць вялікая патрэба ў кампенсацыі гэтых абраз і пагардаў адносна нашага Творцы.

Памятайма, што Бог хоча, каб нашы сэрцы былі падобнымі на Яго палаючае сэрца. І як вада прыносіць палёгку, няхай агонь любові зноў распальвае нас для Хрыста. А гледзячы на выяву Сэрца Езуса ці на фігуру, абуджайма ў сабе жаль за грахі і ўсклікайма: “Найсвяцейшае Сэрца Езуса, змілуйся над намі!”.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

Друкаваць

Паддацца дзеянню Святога Духа

2016 05 13 duh 03Да шматлікіх старых звычак у апошнія гады дадалася новая – пастаяннае пераскокванне па тэлеканалах, інтэрнэт-старонках і розных паведамленнях у тэлефоне. Чалавеку ўсё цяжэй засяродзіць увагу на цэлым фільме ці праграме, усё цяжэй прачытаць поўнасцю кнігу ці нават большы артыкул, асабліва калі гэта патрабуе роздуму. Таксама ўсё цяжэй выслухаць кагосьці да канца і прыняць цвёрдае, канчатковае жыццёвае рашэнне. Лепш не думаць і пачакаць.

Спасланне Святога Духа з’яўляецца дапаўненнем перамогі Езуса над смерцю і грахом. Мы таксама кажам, што гэта вывядзенне апосталаў з утульнага, але невялікага Вячэрніка, каб прапаведаваць Евангелле. Урачыстасць Спаслання Святога Духа, якую мы штогод святкуем праз пяцьдзесят дзён пасля Вялікадня, з’яўляецца таксама днём нараджэння Касцёла – святой супольнасці, дзе мы ўсе “народжаныя” для вечнага жыцця: мы былі мёртвыя, але дзякуючы моцы Бога, Святога Духа, сапраўды жывём.


zeslanied1 bb3bd623


У спешцы лёгка выпусціць гэта з-пад увагі, засяродзіцца на фрагментарным прыняцці хрысціянства – таго, што прасцей і што ў дадзены момант здаецца нам найбольш патрэбным. Ад вялікіх заяў ісці за Езусам мы вельмі хутка пераходзім да адпушчэння сабе выбраных самімі намі грахоў, а ад цвёрдых пастаноў – да паддавання спакусам, таму што менавіта гэтая адна абраная спакуса не мае права падвяргацца гаючай сіле Уваскрослага. Мы духоўна пераскокваем з канала на канал, ні на чым не засяроджваючыся. Не прымаем канчатковых рашэнняў, бо, можа, нешта яшчэ зменіцца, у нас ці ў іншых адчыняцца нейкія іншыя дзверы. Мы чакаем.

Урачыстасць Спаслання Святога Духа сёлета адзначаем 5 чэрвеня.

Святы Дух выводзіць апосталаў з Вячэрніка, каб яны абвяшчалі Евангелле, каб сталі вучнямі-місіянерамі. Святы Дух прыходзіць для таго, каб надаць ім пачуццё веры, дапамагчы ў распазнанні таго, што павінна быць мэтай іх жыцця. Таму ў кожнай сітуацыі – незалежна ад стану жыцця, незалежна ад здароўя і хвароб, незалежна ад недахопаў, заган і грахоў, якія зноў і зноў паўтараюцца, – яны павінны быць вучнямі-місіянерамі Добрай Навіны.

І такім чынам з нашага жыцця, поўнага сумненняў і расчараванняў, Бог робіць матэрыял, гліну для новага апостала, вучня-місіянера. На практыцы многа не трэба, дастаткова паддацца дзеянню Святога Духа. Трэба пагадзіцца на такое пакліканне, прыняць канкрэтнае рашэнне сведчыць пра Яго, перастаць духоўна пераскокваць па навінах, каб не ўспрыняць іх сур’ёзна. Дух Праўды прыводзіць да ўсёй праўды, а не толькі да нейкай частковай. Таму неабходна ўсвядоміць, што я любімы Творцам, маё жыццё мае сэнс і можа прынесці шмат плёну.

Святы Праваслаўнай Царквы Серафім Сароўскі казаў, што галоўная мэта хрысціянскага жыцця – атрымаць Святога Духа.

Час перастаць думаць пра Святога Духа як пра нейкага казачнага персанажа, які падказвае на экзамене, які адказ выбраць, або як пра голуба, які недзе высока вісіць над алтаром. Гэта Бог, які сам прыносіць нам Добрую Навіну аб смерці і ўваскрасенні Хрыста, хоча, каб яны сталі найважнейшымі падзеямі ў нашым жыцці, надалі яму адзінства і згоду, а таксама падштурхнулі дапамагаць бліжнім у падобным жыццёвым выбары. Бог не чакае і вырывае з чакання нас.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

Друкаваць

Прага неба

wnieboswt 90cdcec4Расставанні цяжкія. У момант, калі хтосьці з блізкіх нас пакідае, адчуваем пустату, разбітасць, адзіноту. Але ў той жа час мы больш выразна бачым, кім была асоба, з якой развітваемся. Мы ўсведамляем, што яна нам дала, чаму навучыла і колькі добрага пакінула пасля сябе. Адчуваем сябе яе спадчыннікамі. Яе дух становіцца часткай нашай ідэнтычнасці. Нешта заканчваецца, але таксама заўсёды нешта пачынаецца, адкрываецца нейкі новы этап.

Расставанне з бацькамі, з настаўнікам ці майстрам азначае неабходны крок да сталасці, самастойнасці, адказнасці за іншых, за працяг справы, пераняцце спадчыны.

Уваскрослы Пан непасрэдна перад сваім канчатковым вяртаннем да Бога Айца таксама дае сваім вучням апошнія інструкцыі. Ён перадае ім місію, абяцае Святога Духа і бласлаўляе іх. Справа, распачатая Езусам, павінна працягвацца ў Касцёле, а апосталы павінны быць сведкамі Езуса, гатовымі нават праліць сваю кроў.

Урачыстасць Унебаўшэсця Пана адзначаем 26 мая.

Хрыстос, пакідаючы гэты свет, абяцае вучням, што яны не будуць адны. Будуць “узброены моцай з вышыні”. Уваскрослы па-ранейшаму будзе прысутнічаць у сваім Касцёле, але гэтая прысутнасць будзе мець ужо іншы характар. Ён больш не можа быць з вучнямі фізічна, як чалавек, але будзе з імі праз свайго Духа. Святы Дух з’яўляецца Духам Айца і Сына. Чалавечнасць Езуса была пасудзінай, у якой Бог аддаў сябе свету, цяпер наша чалавечнасць, памазаная “моцай з вышыні”, павінна быць пасудзінай, праз якую Бог працягвае ўдзяляць сябе свету. Езус быў дасканалым начыннем, мы ж гліняныя начынні, якія можна разбіць. Але мы ўзброены Духам, які цярпліва дапаўняе нашы недасканаласці.

Св. Павел называе Касцёл Целам Езуса. Гэтая карціна адлюстроўвае праўду аб працягу справы Хрыста ў нас. Галава Касцёла, гэта значыць Езус, знаходзіцца ў небе, а Яго Цела, гэта значыць мы, – на зямлі. Можна сказаць, што хрысціянін – гэта чалавек, які цвёрда крочыць па зямлі, а галаву трымае ў небе. Мець галаву ў небе – значыць жыць у еднасці з Тым, да каго накіроўваемся. Мець галаву ў небе – значыць быць пілігрымам, а не бадзягам. Той, хто ведае пункт прызначэння вандроўкі, глядзіць на свой шлях з гэтай канечнай перспектывы. Таму не паддаецца злу.

Ідэнтычнасць чалавека вызначаецца не толькі яго мінулым, але і надзеяй на будучыню. Наша праблема ў тым, што мы занадта лёгка губляем галаву, адпускаем свае думкі і жаданні разбягацца ва ўсе бакі, накіроўвацца куды заўгодна і за кім заўгодна. Мець галаву ў небе – значыць мець большую надзею, чым любая зямная мэта, значыць дыхаць вечнасцю нават у зямной атмасферы.

“Уваскрасенне Пана – наша надзея. Унебаўшэсце – наша праслаўленне. У дзень свайго нараджэння Пан засведчыў, што з’яўляецца сапраўдным чалавекам. У дзень свайго ўнебаўшэсця Ён засведчыў, што Ён сапраўдны Бог. Пасля магілы – неба, пасля крыжа – трон. Да ліку несмяротных далучаецца смяротная натура. На нябесны трон сядае зямное цела” (св. Аўгусцін).

Бог выйшаў з неба з любові да чалавека, таму, калі чалавек хоча трапіць у нябёсы, ён таксама павінен ісці шляхам любові. Падзякуем Богу за Яго бясконцую любоў да нас і скажам Яму тое, што кажа святар, які цэлебруе св. Імшу ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана ў малітве пасля Камуніі: “Усемагутны Божа... абудзі ў нас прагу неба, дзе Хрыстос як першы з людзей прабывае з Табою”.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

Друкаваць

13 рэчаў, якія трэба ведаць пра Маці Божую Фацімскую

Nossa Senhora de Fatima 1Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай — адны з самых вядомых і шанаваных Марыйных аб’яўленняў нашых дзён. Характэрна тое, што больш чым праз 100 гадоў фацімскае пасланне кранае сэрцы і ўзрушвае ўсіх. Вось некалькі прычын, чаму так адбываецца.

1. Маці Божая не проста кажа нам, што рабіць, і сама сыходзіць — Яна ідзе разам з намі.

З 1916-га да 1917 года Анёл і Найсвяцейшая Маці аб’яўляліся тром дзецям у горадзе Фаціма ў Партугаліі. Нягледзячы на тое, што час, праведзены з імі, быў кароткім, Маці Божая выказала сваю любоў да іх і кіравала імі, як жадае рабіць для нас кожны дзень.

2. Маці Божая аб’яўляецца дзецям і тым, хто ў душы падобны да дзіцяці.

Аб’яўленні бачылі трое маленькіх пастушкоў: Люцыя, яе стрыечныя брат Францішак і Гіяцынта. Як і яны, мы пакліканы мець дзіцячую веру, быць беднымі духам, спадзявацца на Айца Нябеснага і давяраць Яму.

3. Маці Божая з намі падчас выпрабаванняў і страху.

Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай адбыліся ў той час, калі Першая сусветная вайна спустошыла Еўропу, калі пашыраліся гвалт, нянавісць, пераслед і прыгнёт. Нягледзячы на ўсё гэта, Маці Божая паказала, што Яна —разам з маленькімі дзецьмі. Яна з намі ва ўсе часы.

4. Маці Божая нясе нам супакой.

Анёл міру тройчы аб’яўляўся дзецям, заахвочваў іх да малітвы і вучыў іх, як па-сапраўднаму ўшаноўваць Пана Бога, прыносячы такім чынам мір. Марыя дапамагае нам жыць у міры праз еднасць з Богам і Яго Касцёлам.

5. Маці Божая дапамагае нам надаць сэнс нашым пакутам.

Анёл міру таксама заахвочваў дзяцей прынесці ахвяры і прыняць пакуты за грэшнікаў і за крыўды, учыненыя нашаму Пану. Нашы пакуты і ахвяры таксама могуць мець сэнс і дапамагчы нам яднацца з Езусам і Яго мукай.

6. Маці Божая хоча, каб усе людзі былі сябрамі Яе Сына, Езуса Хрыста.

Калі дзеці ўзносілі малітвы і пакаянні, яны рабілі гэта не толькі для сябе, але і для навяртання грэшнікаў. Мы можам рабіць тое ж самае і маліцца, каб усе грэшнікі жылі ў святле Евангелля.

7. Маці Божая — Каралева неба і зямлі.

13 мая 1917 года Марыя ўпершыню аб’явілася дзецям і сказала ім не баяцца, бо Яна прыходзіць з неба. Узнятая целам і душой у неба пасля свайго зямнога жыцця, Марыя і сёння заступаецца за нас і за ўвесь Касцёл.

8. Маці Божая дапамагае нам разважаць над жыццём Езуса і наследаваць Яго праз ружанцовую малітву.

Марыя заахвоціла дзяцей маліцца на ружанцы аб міры і спыненні вайны. Марыя дапамагае нам разважаць над Евангеллем праз Ружанец. Наша штодзённая ружанцовая малітва дапамагае нам пазнаць Езуса і ісці за Ім праз Яго Маці.

9. Маці Божая паказвае нам сваю прысутнасць і дапамагае верыць.

Марыя аб’явіла дзецям сваю праўду, прысутнасць і спакой праз знакаміты «Цуд сонца» 13 кастрычніка 1917 г. Прыкладна 50 000 чалавек былі сведкамі таго, як сонца змяняла колеры і танчыла на небе. Паведамленні пра гэтую падзею розныя, але для дзяцей гэты цуд быў доказам праўдзівасці Яе словаў, што Яна — «Маці Ружанца», якая прыходзіць «з нябёсаў».

10. Маці Божая дапамагае нам выстаяць і захоўваць еднасць у Касцёле.

Кіраўніцтва і апека Анёла і Маці Божай дапамаглі дзецям пазнаць Езуса, любіць і служыць Яму. Марыя дапамагла ім будаваць Касцёл для свайго Сына праз малітву і пакаянне ў цяжкія часы. Як частка Цела Хрыста, Яна крочыць з Касцёлам і хоча, каб усе людзі былі аб’яднаныя ў пазнанні, любові і служэнні Езусу.

11. Маці Божая дапамагае нам убачыць руку Бога ў свеце.

Маці Божая Фацімская адкрыла тры «таямніцы», у якіх непасрэдна гаварылася пра гвалт і хаос у тыя часы. Яна заахвочвала да навяртання і пакаяння, а таксама да адданасці Яе Беззаганнаму Сэрцу. Яна таксама прадказала Другую сусветную вайну, аслабленне хрысціянства і ганенні на Касцёл. Марыя сваім прыкладам дапамагае нам бачыць свет і цяжкасці праз прызму веры, надзеі і любові.

12. Маці Божая дапамагае нам жыць цнотай надзеі.

Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме адбыліся падчас вялікага хвалявання і разгубленасці ў свеце, але Яна дала знакі надзеі тым, хто прыняў Яе Сына. З Яе дапамогай і кіраўніцтвам мы можам верыць, што, нягледзячы на ўсе праблемы, наша апошняя надзея — у Валадарстве Нябесным і лучнасці з Езусам Хрыстом.

13. Маці Божая заўсёды абвяшчае Евангелле — Добрую Навіну Езуса Хрыста.

У цэнтры фацімскага паслання — навяртанне, пакаянне і вера ў Евангелле. Езус абвясціў: «Наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) у самым пачатку свайго прапаведавання. Маці Божая Фацімская паўтарыла Яго словы і заклікае ўсіх «пакаяцца і верыць».

Маці Божая Фацімская, маліся за нас!

Паводле "Ave Maria"

 

Друкаваць

Вялікая субота - чаканне Уваскрасення

grabnica “На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: Праз тры дні ўваскрэсну»” (Мц 27, 62–63).

Друкаваць

Кошык са свянцонкай. Што павінна ў ім быць

000A0PZB6OXOKULF C122 F4Набліжаецца Вялікая субота. У гэты дзень у нашых святынях традыцыйна асвячаем стравы, якімі ў каталіцкіх сем’ях распачынаецца ўрачысты сняданак пасхальнай раніцай. Кожная з размешчаных у велікодным кошыку рэчаў мае ўласны сімвал. Усе элементы свянцонкі ўспрымаюцца як Божыя дары і павінны прыгадваць пра важныя матэрыі, патрэбныя, каб плённа разважаць Муку і Уваскрасенне Хрыста.

Ягня з харугвай

Знак уваскрослага Хрыста. На харугве змешчаны крыж і надпіс “Алелюя”, які выражае радасць ад перамогі Жыцця над смерцю і пераадолення граху. Сімволіка ягняці мае глыбокія біблійныя карані. У Старым Запавеце гэта ўцёкі яўрэяў з Егіпта, калі ізраільцяне пазначалі дзверы сваіх дамоў кроўю спажытага ягняці (параўн. Зых 11–12), а таксама характарыстыка Слугі Яхвэ ў прарока Ісаі (параўн. Іс 53).

У Новым Запавеце – момант, калі Хрыстос быў названы Баранкам Божым (параўн. Ян 1, 29), пасля чаго ў Вялікую пятніцу Ён збавіў людзей цаной уласнай крыві (параўн. Ян 19). Велікоднае ягня з’яўляецца таксама сімвалам паслухмянасці, нявіннасці і ахвяры.

Яйка

Старажытны сімвал новага жыцця. У міфалогіі яйка звязана з 4-ма стыхіямі: шкарлупіна – зямля, абалонка – паветра, жаўток – агонь, а бялок – вада. Яно з’яўляецца знакам пачатку жыцця і адраджэння. Падобна як велікоднае ягня, сімвалізуе трыумф Жыцця над смерцю. Успрымаецца таксама як метафара ўтоенага жыцця і сілы існавання. Некалі яек не спажывалі на працягу ўсяго Вялікага посту, і яны вярталіся на сталы толькі на Вялікдзень. Дзяленне асвечаным яйкам мае братэрскі характар і служыць умацаванню сямейных сувязей.

Соль

Напамін наказу Хрыста аб тым, што мы як Яго вучні павінны быць “соллю зямлі” (параўн. Мц 5, 13–16). Гэты жыццядайны мінерал спадарожнічае чалавеку са спрадвечных часоў. Надае стравам смак, а дзякуючы кансервацыйным уласцівасцям, захоўвае іх ад псавання. З’яўляецца сімвалам жыцця, самой сутнасці існавання, маральных і духоўных сіл, ачышчэння і праўды.

Вяндліна

Сімвал ягняці, якое ізраільцяне забівалі, каб адзначыць свята Пасхі. У мінулым, калі мяса спажывалі час ад часу, таму што было дарагім, яно лічылася знакам дастатку. У кошык са свянцонкай укладаем звычайна кавалак шынкі ці каўбасу.

Хлеб

Памятка размнажэння хлеба ў пустыні, якім Езус накарміў сваіх слухачоў. Сімвалізуе спажытак для душы, г. зн. Цела Хрыста, які сказаў аб сабе: “Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны...” (Ян 6, 35) – і штодзённую ежу для цела, неабходную для жыцця, што знайшло адлюстраванне ў малітве “Ойча наш” (параўн. Мц 6, 11). Хлеб таксама з’яўляецца знакам Пераісточання, здзейсненага ў прысутнасці апосталаў у вячэрніку. Выражае жаданне прыняцця св. Камуніі. У той жа час хлеб – гэта сімвал поспеху, дастатку і сытасці. Для асвячэння дастаткова адрэзаць толькі кавалак, які пазней спажывём падчас велікоднага сняданку.

Печыва

Знак майстэрства, таму лепш за ўсё, калі гэта хатняя выпечка – выраз нашых уменняў. Печыва – таксама сімвал неаформленай матэрыі, ператворанай у дасканалую форму. Яго салодкасць з’яўляецца ўзнагародай за трываласць у самаўтаймоўванні падчас Вялікага посту і звеставаннем Нябеснага Валадарства: “Пакаштуйце, які добры ёсць Пан” (Пс 34, 9).

Сыр

Знак сувязі паміж чалавекам і прыродай. Заахвочвае да ўдзячнасці за спажытак, атрыманы ад жывёл, і да пашаны да іх.

Хрэн

Сімвал горычы Мукі Пана – з-за вострага смаку і здольнасці выклікаць слёзы. Азначае фізічную моц, чалавечыя сілы і жыццяздольнасць.

Сярод элементаў свянцонкі могуць таксама быць іншыя (розніцы вынікаюць з рэгіянальных традыцый):

вада – сімвал Святога Духа;

перац – сімвал горкіх зёл;

зайчык – сімвал пладавітасці і адраджэння прыроды;

куранятка – сімвал новага жыцця (некалі казалі, што Хрыстос устаў з магілы, “як кураня з яйка”).

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

 

Друкаваць

Вялікая пятніца – дзень смутку, “бо забраны ў нас Пан”

krzyz czerwien 0Вялікая пятніца, якая сёлета адзначаецца 15 красавіка, – самы сумны дзень на працягу ўсяго літургічнага года. У гэты дзень вернікі збіраюцца ў засяроджанасці і цішыні ў сваіх святынях на набажэнстве ў памяць мукі і смерці Пана нашага Езуса Хрыста. Яны ўдзельнічаюць у пакутах Хрыста праз пост – знак памірання разам з Ім. Вялікая пятніца – таксама дзень смутку, “бо забраны ў нас Пан”.

Праз удзел у набажэнстве хрысціяне выяўляюць сваю веру і стаяць пад крыжам, просячы аб міласэрнасці і прабачэнні для сябе і ўсяго свету. Яны глядзяць на крыж таксама з любоўю і падзякай, бо ў яго раскрытых абдымках ззяе любоў Бога.

У гэты дзень Касцёл не цэлебруе Эўхарыстыю, а набажэнства падкрэслівае больш хвалу адкуплення праз крыж, чым прыніжэнне праз муку. Таму, успамінаючы смерць Хрыста, трэба памятаць, што яна не была для Яго пройгрышам і паражэннем. Смерць Хрыста была перамогай і была апраменена ззяннем уваскрасення.

Наш Пан, Езус Хрыстус, аддаючы жыццё на дрэве крыжа, прыцягнуў нас усіх да Сябе, стаў прычынай нашага збаўлення. Уваходзячы з уласнай крывёю да нябеснай гасціны, Ён заўсёды жыве, каб заступацца за нас.

 

Друкаваць

Вялікі чацвер

У Вялікі чацвер распачынаецца святы Пасхальны трыдуум

wielki czУ Вялікі чацвер, які мы ў гэтым годзе сустракаем 14 красавіка, былі ўстаноўлены сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння. У гэты дзень мы aдкрываемся на сакрамэнт Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы.

Мы зноў перажываем прыняцце святой Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Найвышэйшым. На ўзор Хрыста, які прынізіў сябе, імкнемся старанна служыць у братэрскай любові бліжняму.

У катэдральных касцёлах у Вялікі чацвер у першай палове дня праходзіць так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы біскуп асвячае алей хворых i алей катэхуменаў, кансэкруе алей хрызма. Святары аднаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні.

Увечары ва ўсіх святынях цэлебруецца Імша ва ўспамін Апошняй Вячэры, якая распачынае Святы Пасхальны Трыдуум. Гэта тры святыя дні, калі мы будзем разважаць пра ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння, пра муку і смерць нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама пра Яго Уваскрасенне.


wielkicz


Мы будзем збірацца вакол Хрыста Пана, як вучні на Апошняй Вячэры. Удзельнічаць у тых жа падзеях. Той жа самы Езус запросіць нас да супольнага стала. Возьме хлеб і віно і пераменіць у свае Цела і Кроў, каб нас накарміць. Перш чым адыйдзе да Айца, пакіне нам запавет любові, нягледзячы на ноч здрады, нягледзячы на блізкую муку і крыжовую смерць. Гэтым Запаветам з’яўляецца Ён сам. Ён застаўся з намі ў святых сакрамэнтах, у Эўхарыстыі і сакрамэнце пасвячэння.

Адыходзячы, Хрыстус абавязаў нас да супольнай любові. Ён пакінуў нам красамоўны прыклад, падчас Апошняй Вячэры абмыўшы ногі сваім вучням, і даручыў нам кіравацца ў жыцці прынцыпам любові, сказаўшы: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12).

Сёння праз служэнне святароў мы можам карміцца Целам Хрыста. Няхай жа гэты дзень будзе часам асаблівай малітвы за іх служэнне.

Будзем прасіць Бога, каб не было недахопу ў тых, хто ўдзяляе нам сакрамэнты, будзем прасіць аб фізічных і духоўных сілах для іх, будзем прасіць аб Божай ласцы, патрэбнай для годнага здзяйснення святых абрадаў, будзем прасіць аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарства. Няхай Усемагутны Бог сцеражэ і ўмацоўвае нашых святароў.

 

Друкаваць

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
Нашы кантакты
Адрас: Гродна, Карла Маркса 4
Тэлефон: (8 0152) 61-05-37
Электронная пошта:
grodnensis@gmail.com
Каталіцкія СМІ Беларусі
"Слова Жыцця"
Catholic.by
"Каталіцкі Веснік"
Katolik.life
Ватыканскае радыё
"Дыялог"
"Наша вера"
"Ave Maria"
"Маленькі Рыцар Беззаганнай"
Радыё Марыя
 
 

© 2006-2019 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.

  • Дыяцэзія
    • Мапа
    • Гісторыя
    • Заступнікі
    • Санктуарыі
      • Капцёўка
      • Рось
      • Гудагай
      • Гродна
      • Тракелі
      • Баруны
      • Шчучын
    • Душпастырствы
      • Вязняў
      • Службы аховы здароўя
      • Студэнтаў і моладзі "OPEN"
      • Настаўнікаў і выхавацеляў
      • Спорту
      • Сем'яў
      • Цвярозасці
      • Літургічнай службы алтара
      • Чыгуначнікаў
    • Парафіі
    • Установы
      • Суд
      • Карытас
      • Семінарыя
      • Семінарыйная бібліятэка
      • Сямейная кансультацыя
    • Манаскія супольнасці
      • Жаночыя
      • Мужчынскія
  • Духавенства
    • Аляксандр Кашкевіч
      Ардынарый Гродзенскі
    • Святары
  • Дакументы
    • Пастырскія лісты
    • Паведамленні
    • Дэкрэты
    • Фармуляры для святароў
  • Мерапрыемствы
    • Днi Моладзі
    • Дзень Дзіцяці
    • Парафіяда
    • Пілігрымкі
  • Публіцыстыка
    • Сям’я
    • Цікавыя людзі
    • Псіхалогія
    • Культура
    • Эканоміка
    • Гісторыя
    • Вера
    • Касцёл
    • Малітвы
    • Сакраманты
    • Святое Пісанне
    • Папа Рымскі
    • Святыя