Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Літургічны каляндар

Nossa Senhora de Fatima 1Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай — адны з самых вядомых і шанаваных Марыйных аб’яўленняў нашых дзён. Характэрна тое, што больш чым праз 100 гадоў фацімскае пасланне кранае сэрцы і ўзрушвае ўсіх. Вось некалькі прычын, чаму так адбываецца.

1. Маці Божая не проста кажа нам, што рабіць, і сама сыходзіць — Яна ідзе разам з намі.

З 1916-га да 1917 года Анёл і Найсвяцейшая Маці аб’яўляліся тром дзецям у горадзе Фаціма ў Партугаліі. Нягледзячы на тое, што час, праведзены з імі, быў кароткім, Маці Божая выказала сваю любоў да іх і кіравала імі, як жадае рабіць для нас кожны дзень.

2. Маці Божая аб’яўляецца дзецям і тым, хто ў душы падобны да дзіцяці.

Аб’яўленні бачылі трое маленькіх пастушкоў: Люцыя, яе стрыечныя брат Францішак і Гіяцынта. Як і яны, мы пакліканы мець дзіцячую веру, быць беднымі духам, спадзявацца на Айца Нябеснага і давяраць Яму.

3. Маці Божая з намі падчас выпрабаванняў і страху.

Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай адбыліся ў той час, калі Першая сусветная вайна спустошыла Еўропу, калі пашыраліся гвалт, нянавісць, пераслед і прыгнёт. Нягледзячы на ўсё гэта, Маці Божая паказала, што Яна —разам з маленькімі дзецьмі. Яна з намі ва ўсе часы.

4. Маці Божая нясе нам супакой.

Анёл міру тройчы аб’яўляўся дзецям, заахвочваў іх да малітвы і вучыў іх, як па-сапраўднаму ўшаноўваць Пана Бога, прыносячы такім чынам мір. Марыя дапамагае нам жыць у міры праз еднасць з Богам і Яго Касцёлам.

5. Маці Божая дапамагае нам надаць сэнс нашым пакутам.

Анёл міру таксама заахвочваў дзяцей прынесці ахвяры і прыняць пакуты за грэшнікаў і за крыўды, учыненыя нашаму Пану. Нашы пакуты і ахвяры таксама могуць мець сэнс і дапамагчы нам яднацца з Езусам і Яго мукай.

6. Маці Божая хоча, каб усе людзі былі сябрамі Яе Сына, Езуса Хрыста.

Калі дзеці ўзносілі малітвы і пакаянні, яны рабілі гэта не толькі для сябе, але і для навяртання грэшнікаў. Мы можам рабіць тое ж самае і маліцца, каб усе грэшнікі жылі ў святле Евангелля.

7. Маці Божая — Каралева неба і зямлі.

13 мая 1917 года Марыя ўпершыню аб’явілася дзецям і сказала ім не баяцца, бо Яна прыходзіць з неба. Узнятая целам і душой у неба пасля свайго зямнога жыцця, Марыя і сёння заступаецца за нас і за ўвесь Касцёл.

8. Маці Божая дапамагае нам разважаць над жыццём Езуса і наследаваць Яго праз ружанцовую малітву.

Марыя заахвоціла дзяцей маліцца на ружанцы аб міры і спыненні вайны. Марыя дапамагае нам разважаць над Евангеллем праз Ружанец. Наша штодзённая ружанцовая малітва дапамагае нам пазнаць Езуса і ісці за Ім праз Яго Маці.

9. Маці Божая паказвае нам сваю прысутнасць і дапамагае верыць.

Марыя аб’явіла дзецям сваю праўду, прысутнасць і спакой праз знакаміты «Цуд сонца» 13 кастрычніка 1917 г. Прыкладна 50 000 чалавек былі сведкамі таго, як сонца змяняла колеры і танчыла на небе. Паведамленні пра гэтую падзею розныя, але для дзяцей гэты цуд быў доказам праўдзівасці Яе словаў, што Яна — «Маці Ружанца», якая прыходзіць «з нябёсаў».

10. Маці Божая дапамагае нам выстаяць і захоўваць еднасць у Касцёле.

Кіраўніцтва і апека Анёла і Маці Божай дапамаглі дзецям пазнаць Езуса, любіць і служыць Яму. Марыя дапамагла ім будаваць Касцёл для свайго Сына праз малітву і пакаянне ў цяжкія часы. Як частка Цела Хрыста, Яна крочыць з Касцёлам і хоча, каб усе людзі былі аб’яднаныя ў пазнанні, любові і служэнні Езусу.

11. Маці Божая дапамагае нам убачыць руку Бога ў свеце.

Маці Божая Фацімская адкрыла тры «таямніцы», у якіх непасрэдна гаварылася пра гвалт і хаос у тыя часы. Яна заахвочвала да навяртання і пакаяння, а таксама да адданасці Яе Беззаганнаму Сэрцу. Яна таксама прадказала Другую сусветную вайну, аслабленне хрысціянства і ганенні на Касцёл. Марыя сваім прыкладам дапамагае нам бачыць свет і цяжкасці праз прызму веры, надзеі і любові.

12. Маці Божая дапамагае нам жыць цнотай надзеі.

Аб’яўленні Маці Божай у Фаціме адбыліся падчас вялікага хвалявання і разгубленасці ў свеце, але Яна дала знакі надзеі тым, хто прыняў Яе Сына. З Яе дапамогай і кіраўніцтвам мы можам верыць, што, нягледзячы на ўсе праблемы, наша апошняя надзея — у Валадарстве Нябесным і лучнасці з Езусам Хрыстом.

13. Маці Божая заўсёды абвяшчае Евангелле — Добрую Навіну Езуса Хрыста.

У цэнтры фацімскага паслання — навяртанне, пакаянне і вера ў Евангелле. Езус абвясціў: «Наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) у самым пачатку свайго прапаведавання. Маці Божая Фацімская паўтарыла Яго словы і заклікае ўсіх «пакаяцца і верыць».

Маці Божая Фацімская, маліся за нас!

Паводле "Ave Maria"