sapka

staniewski nДапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, Генеральны сакратар, Старшыня Рады па справах свецкіх і моладзі, член Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Нарадзіўся 4 красавіка 1969 года ў Заневічах (Гродзенская дыяцэзія). Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Святарскія пасвячэнні атрымаў 17 чэрвеня 1995 года. У 1995–1996 гг. служыў вікарыем у Ваўкавыску. У 1996–1999 гг. вывучаў кананічнае права ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы, дзе атрымаў ступень магістра кананічнага права. У 1999 годзе прызначаны прэфектам і выкладчыкам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У 2000 годзе з'яўляўся суддзёй біскупскага суда ў Гродне, а з 2005 года – віцэ-афіцыялам суда. З 2001 года з’яўляецца членам Святарскай рады Гродзенскай дыяцэзіі. У 2004–2005 гг. чытаў лекцыі па кананічным праве на катэхетычных курсах пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі. У 2005–2014 гг. – рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У 2007–2013 гг. – адказны за душпастырскую фармацыю маладых святароў. У 2008 годзе залічаны да Калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі. У 2009–2014 гг. – каардынатар душпастырства пакліканняў. У 2012 годзе Папа Бенедыкт XVI адзначыў ксяндза тытулам Ганаровага капелана Яго Святасці. У 2013 годзе 29 лістапада Папа Францішак прызначыў ксяндза дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з прысваеннем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara. У 2014 годзе 1 лютага адбылося біскупскае пасвячэнне.

gerb sГерб дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага складаецца з гербавага шчыта, змешчанага на крыжы. Над ім знаходзіцца зялёны капялюш са шнуром, які заканчваецца з кожнага боку шасцю вузламі ў трох радах, што ўказвае на біскупскую годнасць. Герб дапаўняецца дэвізам пастырскага служэння: “Evangelia Gaudium” (“Радасць Евангелля”).

Шчыт падзелены на тры палі ў форме перавернутай лацінскай літары Y. У правым верхнім залатым полі, якое сімвалізуе хрысціянскія цноты (веру, справядлівасць, міласэрнасць), а таксама багацце і ўладу, знаходзіцца сімвал прабітага сэрца ў цярновым вянку, з якога выходзіць полымя агню і прамяні. Гэта знак Збаўцы Езуса Хрыста – Найвялікшага багацця і Найвышэйшага Уладара, сэрца якога, прыбітае на крыжы, з’яўляецца крыніцай усіх ласкаў і цнотаў у жыцці чалавека. Полымя агню азначае жыццё – заўсёды жывога Хрыста, а прамяні – бясконцы дар любові Езуса для кожнага.

У левым верхнім блакітным полі, якое сімвалізуе чысціню, вернасць і неба, а таксама з’яўляецца марыйным колерам, знаходзіцца выява апякункі дыяцэзіі Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. Яна як пасланніца Святога Духа накіроўвае вернікаў на шлях веры, укрываючы людзей сваім мацярынскім плашчом.

У ніжнім зялёным полі, якое сімвалізуе надзею, свабоду і радасць, знаходзіцца сімвал горада Гродна – алень св. Губерта з залатым крыжам паміж рагамі. Гэта знак таго, што кожная паслуга мае сваё акрэсленае месца, час і абставіны, таму ўсё, што робіцца праз сучаснае пакаленне хрысціян, павінна быць зроблена з надзеяй і даверам ў Божы Провід, а таксама з радасцю, якая зыходзіць з абвяшчэнння Евангелля Хрыста.

 

© 2006-2017 GRODNENSIS.BY  Creating and programming by Jan_Dax,  design by Alexey Sauhin.