Друкаваць

sestry fraciszk-11У ХІХ ст. на тэрыторыі Польшчы ў складаных умовах расійскай акупацыі і пераследу кансэкраваных асобаў, паўстала 26 жаночых і мужчынскіх безхабітных кангрэгацый кансэкраванага жыцця. Гэта стала магчымым у выніку намаганняў а. Ганарата Казмінскага, дзякуючы якому моладзь магла рэалізаваць сваё пакліканне на сваёй зямлі.

Паколькі сёстры не насілі хабітаў (манаскай вопраткі), гэта дазваляла ім пранікаць ва ўсе сферы грамадскага жыцця, распавядаючы людзям аб Хрысце. Нягледзячы на ганенні, манаскія таварыствы актыўна выхоўвалі дзяцей і моладзь, дапамагаючы ім паглыбляць адносіны з Богам. Рабілі яны гэта патаемна: знешне нічым не адрозніваліся ад свецкіх, а ў глыбіні сэрца падтрымлівалі блізкі кантакт з Езусам і жылі выключна для Яго.

sestry fraciszk-2

Сярод новаўтвораных манаскіх супольнасцей, 26 красавіка 1882 г., узнікла Кангрэгацыя Сясцёр Францішканак для Церпячых (CSFA). Галоўным заняткам сясцёр быў апека над хворымі ў шпіталях, прыватных дамах і санаторыях; клопат, каб ніхто не адышоў з гэтага свету не паяднаўшыся з Богам. Сёстры засноўвалі таксама ўласныя шпіталі, прытулкі, начлегі для бедных: аддана дапамагалі ўсім, хто быў у патрэбе.

Сузаснавальніца кангрэгацыі, Маці Казімера Грушчынская, вучыла сясцёр быць бачным знакам Хрыста сярод людзей, несці Яго любоў, якая аздараўляе хворых і праяўляе міласэрнасць да церпячых з цялеснымі і духоўнымі ранамі. Сёння манахіні служаць медсёстрамі ў шпіталях, дамах прыстарэлых; наведваюць хворых у дамах, кормяць галодных і бяздомных, аказваюць медыцынскую дапамогу падчас пешых пілігрымак. Сёстры навучаюць дзяцей і моладзь рэлігіі, падрыхтоўваюць іх да дарослага хрысціянскага жыцця. Францішканкі працуюць таксама у парафіях, дапамагаючы святарам ў душпастырскай дзейнасці. Манахіні пакліканы жыць сціплым жыццём ва ўбогасці, паслухмянасці і чысціні, па прыкладзе ўтоенага жыцця Святой Сям’і з Назарэту.

Кагрэгацыя Сясцёр Францішканак для Церпячых даверыла сябе заступніцтву св. Юзафа, Маці Божай Нястомнай дапамогі і св. Альжбеце Венгерскай, апякункі хворых і церпячых, спадзяючыся на іх нястомную падтрымку.

sestry fraciszk-4

Сёстры францішканкі на тэрыторыю сучаснай Беларусі ўпершыню ступілі ў чэрвені 1923, пасяліўшыся ў в. Грыбоўшчына недалёка ад Нясвіжа. У 1946 г. яны былі вымушаныя надоўга пакінуць наш край, каб зноў вярнуцца ў 1992 годзе. Напрацягу гадоў сёстры выконвалі сваю паслугу ва Уселюбе, Забалаці і Ліпнішках. Сёння галоўнымі месцамі іх дзейнасці з’яўляюцца гарады Бярозаўка і Іўе. 

Падрыхтавала с. Наталля CSFA