Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі

massai 277238 1280Камерунцы любяць прыгожую вопратку. Кожны выхад на горад, на працу ці ў школу гэта нібыта апошні раз. А таму цёмныя акуляры пасля заходу сонца тут ня рэдкасць. Але сёння пра тое, без чаго нельга ўявіць тутэйшае жыццё. Размова пойдзе пра кавалак матэрыялу, які ў Афрыцы незаменны і выкарыстоўваецца з калыскі аж да труны. У розных краінах ён называецца па-рознаму, у Камеруне – пань (pagne).

Пань - гэта прамавугольны кавалак матэрыялу 5 на 1,1 метраў. Робіцца яна з чыстай бавоўны, з каляровым надрукам у залежнасці ад таго, каму і дзеля чаго будзе служыць. Кошты матэрыялу для такой прыгажосці вельмі адрозніваюцца і вагаюцца паміж 6 і 35 тысячамі франкаў (10-60 даляраў). Сёння можна набыць таксама таннейшыя кітайскія падробкі, але ў цэлым гэта не лічыцца паважаным. “Калі жанчына не можа адрозніць праўдзівую пань ад кітайскай, гэта ўжо шмат што пра яе кажа”, - падпавядае Жанна, кухарка місіі.

Для афрыканскіх жанчын пань з’яўляецца асноўным адзеннем. Адзін кавалак служыць у якасці спадніцы, другі завязваецца на галаву -  і гэта іх штодзённая вопратка. З пань шыюцца таксама ўрачыстыя сукенкі і ўбранні.

Узоры для матэрыялу натхняюцца прыродай, грамадска-палітычным жыццём і рознымі іншымі нагодамі. На адных – горныя матывы, саванна, слон ці жыраф, на іншых – Прэзідэнт, партыі, гістарычныя падзеі і лідэры. Напрыклад, з нагоды візіту папы Бэнэдыкта XVI быў падрыхтаваны спецыяльны матэрыял з датай, дэвізам прыезду пантыфіка і камерунскім сцягам. Тысячы камерунцаў пашылі вопратку з аднолькавай тканіны. На 8 сакавіка камерунскай жанчыне належыцца мець сукенку з адмысловай пань на гэтае свята. На вяселле, Дзень настаўніка, пахаванне, святарскія пасвечанні гэтаксама.

pagne2

 Наша дырэктар і выхаваўца Мар'янна прадставіла свае пані. Выявы злева направа: Гадавіна аб'яўлення Марыі ў Фаціме, 10 гадоў камерунскім электрычным сецям, камерунскія тэлекамунікацыі, 8 сакавіка - Міжнародна жаночы Дзень 2013, Прэзідэнт Пол Бія.

Тканіна часам можа мець духоўнае ці нават містычнае значэнне. Здараюцца выпадкі, калі крэўныя не маюць грошай на адзенне, тады цела нябожчыка закручваецца ў пань. Часам гэты кавалак матэрыялу замяняе таксама і труну. Кожнае афрыканскае дзіцё носіцца ў пань. Дома на ёй спіць і ёй жа накрываецца. Ад месяца да нават трох немаўля не выносіцца з хаты, каб не было зглазу. Гэтакая традыцыя. Калі ж маці выходзіць на вуліцу, дык прывязвае да спіны сваю пацеху такім чынам, што відаць толькі галаву з вялікімі вачыма і стопы.

2006 0365

Жанчыны падчас адной з парафіяльных урачыстасцей у традыцыйных сукенках. Фота з архіва місіі, 2006 г.

2006 0617

Адмысловыя пань пашытыя на пахаванне. Фота з архіва місіі, 2006 г.

P1010041

 Парафіяльная група. Фота з блога

Камерунскім хлопцам больш падабаюцца дзяўчыны апранутыя ў пань, чым на заходні манер. Для іх гэта традыцыя, культура, а таму і прыгажэйшае. “У сталіцы еўрапейскае адзенне больш распаўсюджанае. Бо гэта сталіца. А рэшта краіны, натуральна, любіць сваё. Пань гэта адказнасць, сталасць. Мне заўсёды асацыюецца з мамай”, - распавядае студэнтка біятэхналогіі Мбомбо.

pagne1

Сучасныя жаночыя мадэлі, якія робяцца для еўрапейскага спажыўца. Кошты пачынаюцца ад 50 еўра і вышэй. Фота з сайта 

pagne

 Сучасныя мужчынскія мадэлі, якія робяцца для еўрапейскага спажыўца. Іх кошт складае 50-60 еўра, гэта ў пяць разоў даражэй, чым у Камеруне. Фота з сайта 

Арыгінальнасць і аўтэнтыка заўсёды прыцягваюць, таму сёння ўжо існуюць людзі, якія займаюцца вырабам вопраткі з пань у Афрыцы і іх далейшым продажам у Еўропе. Хто ведае, можа ў якім-небудзь фэшан сэзоне Чорны кантынент будзе ў трэндзе. Тады камерунскія рабацягі-куцюр’е стануць заканадаўцамі моды, а запрацаваная жанчына ля хіжыны вядомай і паважанай.

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!