Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі
afrika 1Адразу папярэджваем, што жмінда – скнара, сквапны чалавек. А па-руску “жмот”. Мы гэта ў лабадзенкі навучыліся. Вясеннія канікулы ў Камеруне сканчваюцца. Два тыдні місія літаральна скакала, трашчала і гудзела ад малых бандзітаў. Як кажуць бацькі: “Хутчэй б яны пайшлі ўжо ў школу”. Мары збываюцца. Сёння традыцыйна гісторыі. Пра сумленне і калькулятар, якія часам робяцца такімі блізкімі рэчамі, афрыканскую Дольчэ Віту і салідарнасць жыхароў дзіцячага дому ў чарговым допісе Bonjour du Cameroun.

 

Місійны калькулятар

Едзем у краму. Па нашых мерках – звычайны супермаркет, па камерунскіх – месца з дарагімі еўрапейскімі таварамі, кошт якіх недасягальны для простага чалавека. Усё тут сапраўды ў 2-3 разы даражэй, чым у Еўропе. Але так хочацца пачачак чыпсаў, ды ўжо даўно вырашылі, што сёння “чыпсавы” выезд, таму, не звяртаючы ўвагі на цэннік, набываем Прынглс са смакам сыру. Хутка плоцім і, заліваючыся слінай, ідзем да машыны.

І вось у гэты момант з’яўляецца думка, што дзеці, дзеля якіх ты сюды прыехаў, чыпсаў ніколі не бачылі. І што на гэтыя грошы можна набыць 2 смажаныя рыбы, ці 6 маленькіх напіткаў, ці кучу пячэння, ці вялікую жменю цукерак – усё тое, што яны бачаць зрэдку. Такі калькулятар пачынае ўсё часцей і часцей літаральна мучыць свайго носьбіта. Але ж чыпсаў так хочацца, і не тое каб за часта іх еў. Ды й увогуле калькулятар – справа небяспечная. Спачатку лічыш сваё, пазней пачынаеш лічыць іншых і казаць, што “гэта ж такая даражызна, можна было на гэтыя грошы столькі добрага зрабіць!”. Але ўсё добрае, што ў меру. Місійны калькулятар – гэта дар, сумленне. Штука нялёгкая, канешне, але ж добра карыстаючыся, незаменная для кожнага.

 “Давай, дзяліся!”

Святая Імша скончылася, дзеці хутка дамываюцца, збіраюцца, нехта сканчвае свае абавязкі, хлопцы з боку як заўсёды “точаць лясы”. Малодшыя як і штодня атрымоўваюць свой кавалак багета з маслам. Палова ідзе ў заплечнік, на пасля, рэшта паволі з’ядаецца тут жа. Да трохгадовай Дус падыходзіць Фабрыс і атрымоўвае дазвол на адзін “укус”, Сэдрык атрымаў ад Тэдзі, а Паньёль ад Ванцьен. З першага погляду можа падацца, што адбываецца працэс рэкету ці раскруткі малодшых старэйшымі. Гэта, зразумела, ня так. Цяжка сказаць пра ўвесь Камерун, але ўсе дзеці з місіі дзеляцца паміж сабой. Шчыра, без мусу і заўсёды.afrika 3

яскравая прадстаўніца фразы: "А вазьмі і ад мяне кавалачак"

Калі даць цукерку аднаму, ён абавязкова падзеліць яе з іншым. Калі Тэдзі атрымае пазачарговы кавалак мяса, ён пакліча сваіх аднагодкаў і яны разам усё гэта з’ядуць. Гэтакая рыса народжана ў беднасці, не ў дабрабыце. Калісьці пайшлі з Джакам у буцік, маленькую краму, набыць хлеб. Пры нагодзе набываю некалькі чупа-чупсаў і даю адзін малому. Праз хвіліну нас даганяе Каброль, ён хадзіў малоць маньёк і цяпер цягне на галаве поўную торбу мукі. Ідэя даць і яму чупік прыйшла праз хвіліну, але малы паказвае палову цукеркі ў роце і дадае: “Са мной ужо Джак падзяліўся”. Нібыта з’есць разам – смачней. Альбо весялей.

Дольчэ Віта

Велікодны панядзелак. Пасля св. Імшы ўрачыстае аб’яўленне: “Усім хутка мыцца і апранацца, едзем у горад на марозіва”. Не ўсе, асабліва малодшыя, да канца разумеюць што такое марозіва і маюць уяўленне хутчэй тэарэтычнага характару. Але гэта не ўплывае на ўзровень радасці. Дольчэ Віта. Адно з нешматлікіх месцаў, дзе можна набыць марозіва. Кожны атрымоўвае па дзве гулькі. Усё хутка знікае і айцец, адыходзячы ад плану, замаўляе яшчэ і па напітку. Не тое каб хтосьці прасіў, але ж дзеці, Вялікдзень, ды й такія выезды – рэдкасць, як тут не набыць. Напіткі таксама хутка заліваюцца ў вядомым накірунку. Сэрца дамініканца канчаткова размякае і, махнуўшы на кошты, замаўляе выхаванцам невялікі абед. І тут пачынаецца самае цікавае.

Увогуле, для трынаццацігадовага Сэдрыка, знаходжанне ў кафэ, дзе ежу табе прыносіць афіцыянтка і ўсё так далікатна падае – фантастыка. А вось цяпер яму нясуць талерку з бульбай фры, салатам і кавалкам курыцы. Марыюс, яго сусед, не ўтрымоўваючы лейцы эмоцый расплываецца ва ўсмешцы і аблізваецца. Пры гэтым язык літаральна кругавым рухам аблізвае дзве вусны, нягледзячы на тое, што менавіта ў гэты момант афіцыянтка ставіць талерку перад ім. Стан захаплення трыццаці дзяцей напаўняе паветра шчасцем, ад якога кожнаму неабыякаваму зробіцца добра. Дольчэ Віта яна і ў Афрыцы Дольчэ Віта. Шкада, што раз на год. Ці радзей.

afrika 2

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!