Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі

пахаваннеНекалькі месяцаў таму мы апісвалі вечарыну з нагоды сканчэння жалобы па памерламу. Нядаўна ж мы трапілі на самае сапраўднае камерунскае пахаванне. Чатыры дні гуляння, сотні гасцей, мора выпітага і з’едзенага. Гэтае мерапрыемства як ніякое іншае паказвае ўсю неверагоднасць перапляцення традыцыі і веры, хрысціянства і паганства простых людзей. Пра незвычайны плач і радасць, танцы і смутак і незвычайнае быццё ў афрыканскай вёсцы пасярод экватарыяльнага лесу ў сённяшнім допісе.

Дзень першы

Пасля доўгай дарогі з Яундэ імкліва едзем вуліцамі Бертуа. Шлях мінуў як звычайна хутка і весела і сумная мэта падарожжа была зусім незаўважная. Аднак амаль за некалькі сотняў метраў ад дома дзе жыла нябожчыца, рэчаіснасць нібы скаланаецца, машына раптоўна напаўняецца плачам, стогнамі, прычытаннямі. Людзі, якія хвіліну таму распавядалі анекдоты, цяпер заліваюцца слязьмі. Жанчыны выбягаюць з машыны, сядаюць на ганак, працягваюць пранізліва плакаць і перыядычна нешта прыспеўваць. Пасля 10-15 хвілін усё сканчваецца такжа вокаімгненна, як і пачалося. Усё вяртаецца да звычайнасці. Гэтыя выбухі будуць паўтарацца аж да самага пахавання. Іх сэнс і прыроду пазней раскрые адна з госцяў, якая жартуючы са сваёй суседкі пасля чарговай серыі скажа: “А ты малайчына, класна плачаш. Так роўна і моцна. Добрая школа”.

Дзень другі

Прыехаў гукааператар, расставіў апаратуру, загучалі хрысціянскія спевы. Усе нешта пілуюць, носяць, гатуюць, мантуюць. Жанчыны працуюць на кухні. Вясёлая гамана падчас усеагульнай працы нагадвае падрыхтоўку да нейкага добрага свята. Выбухаў плачу сёння няма і пра мэту гэтага ўсяго нагадвае толькі труна на кухні, якую прывезлі раніцой. Пасля заходу сонца пачалі схадзіцца суседзі, чальцы сям’і і іншыя госці на т.зв. veille, пярэдадне ці вечар памяці. 200, а можа 300 чалавек сядзяць вакол некалькі вогнішчаў, гамоняць, п’юць піва ці мясцовае пальмавае віно, няспынна гучыць рытмічная хрысціянская музыка. Менавіта гэтая музыка увесь час збівае з толку, бо падаецца, што адзінае, што пад яе можна рабіць – танцаваць, але навокал людзі, апранутыя ў чорнае адзенне, якія час ад часу плачуць. Усё, што адбываецца навокал, больш нагадвае вячоркі, пасядзелкі, нейкае лагоднае сямейнае свята.

падчас veille

Дзень трэці

Ужо з самага ранку ізноў пачаліся выбухі плачу. Прыезд кожнай групы людзей суправаджаецца кароткімі прычытаннямі і рыданнямі. Няспыннасць акцый дазваляе прыстасавацца і, як большасць мужчын, не звяртаць на гэта ўсё вялікай увагі. Прыходзіць час ехаць па нябожчыцу.

Морг падаецца невялікай фабрыкай у якую прыязджаюць, плачуць і кідаюцца на труну, заламваюць рукі і з’язджаюць. Пад навесам з іржавай бляхі святар праводзіць кароткае набажэнства, з іншага боку нейкі пастар робіць тое ж ля іншага нябожчыка. Ля моргу ў чарзе стаяць яшчэ некалькі трунаў. Працэсія выязджае на св. Імшу ў касцёл, куды палова людзей незразумелым чынам не даязджае. Гэтак жа яны не даедуць заўтра і паслязаўтра. Малітоўная частка пахавання да самага канца застанецца найменш папулярнай сярод гасцей.

Пасля Літургіі труну грузяць на старэнькі пікап з перавараным капотам, туды ж загружаецца яшчэ чалавек 20. Да вёскі Мамбая адкуль паходзіла памерлая ўсе 66 км яны спяваюць, гучаць жарты, льецца смех.

IMG 1226-001

Аднак Мамбая сустракае калону жалосным выццём. Жанчыны пачынаюць з розных бакоў збягацца да машынаў і, нібы падліваючы алею ў вагень, узмацняюць агульны вый. Пад вялікім намётам яны шчыльна абкружаюць труну і пачынаюць крычаць, кідацца на калены. Узнімаецца вялікае воблака пылу перамешанае з людскімі слязьмі і рытмічна-пахавальнай музыкай.

падчас аднаго з абрадаў

Толькі мужчыны, нібы ганаровы арлы, як заўсёды стаяць побач і паглядаюць на ўсё гэта. Мамбая – вёсачка з характэрнай назвай у экватарыяльным лесе, якая ляжыць паабапал чырвонай гравейкі. Тут няма электрычнасці, мабільную сувязь можна злавіць у цэнтры на горачцы, затое ёсць некалькі бараў і крамаў. У такім месцы ўспамінаюцца словы польскага падарожніка Капусцінскага, які пісаў, што ў афрыканскіх вёсках чалавек “выходзіць раніцой з хіжыны і ён проста ёсць, тут сутыкаешся з зусім іншай формай чалавечага быцця”.

IMG 1244-001

Ты прачынаешся, пазней знойдзеш дзе-небудзь што-небудзь з’есці, пазней яшчэ што-небудзь. І так кожны дзень. Тутэйшае быццё не напоўнена нейкімі імкненнямі, мэтамі, штодзённымі абавязкамі, працоўнай рутынай. У Мамбая ты проста ёсць. Пахаванне з’яўляецца адной з вельмі рэдкіх яскравых адзнак у гэтым надзвычай спакойным вясковым летапісе.

Вечарам распальваюцца вогнішчы, людзі да самага ранку танцуюць, спяваюць, з розных бакоў чуць прапановы пачаркаваць віно. Перыядычна групы жанчын прымацоўваюць сабе з тылу галінкі з дрэваў і ходзяць на каленах вакол труны, гуртам падаюць і нерухома ляжаць, бяруць барабаны, спяваюць і танцуюць, альбо зноўку плачуць наўзрыд.

Дзень чацвёрты

З самага ранку пад дрэвам з’явіўся пробашч Мамбая. Чакаючы пакуль жанчыны скончаць чарговы заход танцаў і абрадаў, якія працягваюцца з учора, ён ціха глядзіць на ўсё што адбываецца. У пэўным моманце, нібы абудзіўшыся, святар кажа катэхісту: “скончылі” і ўзяўшы чамадан яны скіроўваюцца да намёту. Большасць людзей застаецца на сваіх месцах і толькі невялікая група старэйшых бабуляў апынулася перад імправізаваным алтаром. Млявым спевам пачынаецца літургія. Святара ледзьве чуць, намёт нібы апынуўся ў цэнтры вулля, які гудзіць і варушыцца не зважаючы ні на што. Казанне пачынаецца пад гучнае газаванне матацыклу дзесьці побач алтара. Пробашч не вытрымоўвае і амаль крыкам просіць усіх суцішыцца і ўспомніць сэнс гэтага сходу. Вулей перастае гудзець і толькі з-за апошняй хіжыны даносіцца выбух смеху маладзёнаў.

жалобныя хусткі на жанчынах

Пасля св. Імшы пачынаецца апошні этап пахавання. Яма акрапляецца святой вадой, мужчыны рыхтуюцца да завяршальнага руху труны.Аднак нейкі мужчына раптам забірае лапаты і хоча каб быў захаваны яшчэ нейкі мясцовы звычай. Святару нібы намякаецца, каб той ужо ехаў дахаты, а далей усё зробіцца і без яго. У гэты момант адбываецца канфлікт хрысціянства і мясцовых зусім нехрысціянскіх абрадаў. Пробашч не вытрымлівае і грозіць, што калі ён цяпер з’едзе з вёскі з незакопанай труной, то больш ён сюды не вернецца. Аргумент змушае людзей да дзеяння, беднае цела нябожчыцы знаходзіць свой апошні прытулак, сыплюцца першыя лапаты пяску. Хлопцы, якія рагаталі ўсю Св. Імшу, плачуць наўзрыд і ўжо добрыя 10 хвілін здымаюць усё на тэлефон, жанчыны пайшлі раздаваць гасцям ежу, аднавяскоўцы паселі ў цяньку.

Яма не напоўнілася пяском яшчэ нават напалову, калі адкрыліся першыя бутэлькі халоднага піва. Вечарам пачнуцца завяршальныя танцы, якія не скончацца да раніцы. Магіла застаецца нейкім прыдаткам, даданасцю якой не хапіла ўвагі. Абыякава збітая горачка, параскіданы навокал пясок, крыва пакладзены вянок, які паспелі парваць яшчэ да пахавання.

вянок 1

Смерць гэта перш за ўсё падзея для жывых. Пасля чатырох дзён няспыннага дзеяння вёска Мамбая стомленая. На нядзельным набажэнстве збіраецца няпоўныя два дзесяткі млявых мамбайцаў. “Усе стомленыя, вось і не прыйшлі”, - тлумачаць мне мізэрную яўку ў капліцы. Вёска адпачывае і вяртаецца ў сваё ціхае афрыканскае быццё. Да наступнай смерці. І так праз стагоддзі.

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!