Дакрануцца да Евангелля. IX Звычайная нядзеля

Калі Езус скончыў сваю прамову да народа, Ён увайшоў у Кафарнаум. У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў. Пачуўшы пра Езуса, сотнік паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу. Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта, бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу. Езус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой. Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе здаровы слуга мой. Бо я таксама чалавек, падпарадкаваны ўладзе, і маю ва ўладзе жаўнераў. Кажу аднаму: Ідзі, — і ён ідзе; другому: Прыйдзі, — і ён прыходзіць; а майму слузе: Зрабі гэта, — і ён робіць. Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які спадарожнічаў Яму, сказаў: Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры. Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым. (Лк 7, 1-10).

Звярну ўвагу на атмасферу любові і павагі, якая пануе паміж сотнікам, яго слугой і юдэйскімі старэйшынамі. Сотнік просіць аб дапамозе свайго хворага слугу, старэйшыны просяць аб дапамозе сотніку. Пакута слугі набліжае людзей да Езуса і адзін да аднаго.

Што я магу сказаць пра адносіны ў маёй сям'і, суполцы, там, дзе я працую? Раскажу пра гэта Езусу. За каго я хацеў бы асабліва прасіць Езуса?

Прыгляджуся да Езуса, які па просьбе людзей ідзе з імі да хаты сотніка. Хачу ўсвядоміць, што Езус хоча, каб я запрашаў Яго ў свой дом, у мае штодзённыя справы. Ён гатовы ісці туды, дзе я пакутую і дзе пакутуюць мае блізкія.

Спытаю сябе перад тварам Езуса, што ў маім доме і маёй суполцы больш за ўсё мае патрэбу ў ацаленні? Куды я хацеў бы запрасіць Езуса? Што больш за ўсё турбуе мяне і займае мае думкі?

Прыслухаюся да слоў сотніка. Ён верыць Езусу на слова, верыць у сілу Яго слова. Ён перакананы, што адно слова Езуса можа перамагчы хваробу. Буду прасіць аб ласцы глыбокай веры ў сілу Слова Божага.

Узгадаю словы з Бібліі, якія многае змянілі ў маім жыцці. Што гэта былі за словы? Паспрабую часцей вяртацца да іх і маліцца імі Езусу. Езус уражаны верай сотніка. Што Езус мог бы сказаць пра мяне пра і маё духоўнае жыццё? Што знайшоў бы сёння ў маім сэрцы?

Падрыхтавала с. М. Зоя Дамброўская

Рэдагавана: 21 Лютага 2017