Можа не адразу, але ўсё ж відаць па чалавеку ў якога Бога ён верыць: у Бога добрага і міласэрнага, ці ў Бога міліцыянта, у Бога Збаўцу, ці ў Таго, хто стварыў гэты свет, але вырашыў застацца на небе. І ў залежнасці ад гэтага вызначаецца спосаб і характар яго малітвы. Гаворка пойдзе пра “забытую” малітву праслаўлення.
Папа заўважыў, што сучасныя католікі, на жаль, вельмі мала разумеюць і практыкуюць такі “спантанны” спосаб малітвы, думаючы, што гэта характэрная рыса харызматычных рухаў.
Я не буду рабіць рэкламы харызматычным рухам. Можна не хвалявацца. Але справа у тым, хто для цябе Езус. Езус – традыцыя і фармальнасць, альбо Езус – асоба? Паглядзім цяпер на сябе.
Калі мы закрываемся ў фармальнасцях, наша малітва становіцца халоднай і “стэрыльнай”. Калі мы адчынены на асобу Хрыста, малітва робіцца спантаннай, натуральнай і той жа час дзіўнай падзеяй у нашым жыцці.
Я часам зайздрошчу такім людзям, якія маюць адносіны з Езусам, як з найлепшым сябрам, бо сам маю з гэтым цяжкасці. Але гэта вялікая ласка, аб якой не стамлюся прасіць.
У такіх адносінах відаць, што мы Ягоныя дзеці, што створаны, каб быць вольнымі, каб жыць у поўні падоранай нам. І такой малітвы, малітвы Езусу жывому, прысутнаму, хоча ад нас Бог.
Малітва – эта сустрэча двух асоб, асоб рэальных, тых якія маюць свае прагненні і пачуцці, свае звычкі і свае асаблівасці. Падчас гэтай сустрэчы рабі, што хочаш, Ён цябе і так зразумее, але галоўнае: не стэрылізуй яе, не сушы, паспрабуй угледзецца ў Яго і тады зразумееш, што Бог заслугоўвае не толькі просьбы ці падзякі з нашага боку, але і праслаўлення.
Вова Крупенка