Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі

malaga5Кожны раз, калі заканчваецца чарговы навучальны год, яксьці несвядома прыходзяць думкі пра тое, што было зроблена, дасягнута і не дасягнута, дзе напаскудзіў, а за што можна ганарыцца. Гэты іспанскі год быў незвычайна насычаны рознымі падзеямі, падарожжамі, новымі людзьмі, цёплым сонцам і морам. Гэта канешне ўсё цудоўна. Але ў духу нататак з Іспаніі хацелася б падвесці вынік менавіта духоўных цяганняў і разважанняў у гэтай так прыгожай частцы свету.

Усё ж такі іспанскае грамадства вельмі свецкае, гэта можна было заўважыць па маіх матэрыялах. У Беларусі патрэбныя новыя касцёлы, паўсюль яшчэ атыхае саветчынай, і рэлігійнасць грамадства толькі пачынае ўспамінаць сваю гісторыю і шукаць свайго месца між іншымі традыцыямі. У Іспаніі ўсё выглядае наадварот. Святыні на кожнай вуліцы: падчас дыктатуры Франко ўлада была вельмі пракаталіцкая, і тутэйшыя традыцыі цалкам збудаваны на рэлігійным элеменце. Аднак наяўнасць на шыі чалавека крыжа не азначае, што ён хрысціянін. Не хочацца зрабіць уражанне, што тут усё так дрэнна. Праблемы чалавека такія ж, як і паўсюль, проста выглядаюць па-іншаму.

Выязджаючы ў іншую краіну на практыку, разумееш, што такое адзіны і паўсюдны Каталіцкі Касцёл. Размовы з мясцовымі вернікамі не адрозніваюцца ад размоваў з любымі іншымі. Гамана пра Божую любоў, пра веру ў Яе, пра праблемы грамадства і Касцёла ідэнтычныя з польскімі і беларускімі. Не ведаю чаму, але мяне гэта здзіўляла, а хутчэй, захапляла. Вера мае іншую логіку, падзелы ў ёй зусім далёкія ад нацыянальных падзелаў альбо чагосьці матэрыяльнага.

У гэтую нядзелю адбылася працэсія Божага Цела. Як заўсёды, быў аркестр, калона ўдзельнікаў расцягнулася на некалькі сот метраў, тысячы здымкаў і мора цікавых вачэй. Быў Хрыстос у выглядзе хлеба. Калі Хлеб спыняўся каля чарговага алтара, усе пляскалі ў далоні. Мы спявалі песні, а абсалютная большасць, якая сядзела ў вулічных кафэ і рэстарацыях, даставала свае айфоны і ўжо мела новую тэму размовы. Тут усё так, як і паўсюль. Веруючых заўсёды меншасць, але ў гэтым цымус справы. Калі ў суп дадаць зашмат солі, будзе горкі. Шмат можна пра гэта разважаць і пісаць. Самае ж галоўнае – рабіць гэта з любоўю да іншага.

Наш рэдактар, ксёндз Юрый, у артыкуле пра капуцына-пустэльніка з Пералому цытуе манаха: “Францiшак малiўся -- i надыходзiў момант, калi Дух Святы як бы выштурхваў яго да людзей, каб праз абвяшчэнне Евангелля дапамагаў iх збаўленню. Потым надыходзiў момант, калi св. Францiшак "вычэрпваўся" i тады "маятнiк" вяртаўся назад на пустэльню”. Дык вось, нешта падобнае, шчыра кажучы, адчуў і я. Канешне, я не маятнік і не такі веруючы чалавек, як св. Францішак, ды й Беларусь не пустэльня. Але прыйшоў час, калі хочацца вярнуцца на свае землі, каб падладавацца.

Шаноўныя чытачы! Дзякуй за ўвагу да Іспанскага дзённіка. Маю надзею, што было цікава і рознакалярова. Вяртаюся дадому і зачыняю мой іспанскі год. Думаю, гэта наша не апошняя сустрэча на старонках grodnensis.by. Жадаю вам веры! Перажывайце яе годна і з радасцю. А будзе вера, дык усё будзе. А калі і не будзе, то вам гэта ўсё ўжо й патрэбна не будзе. Моцна вас абдымаю з гарачай Малагі. Будзьце шчаслівыя.

¡Hasta luego!

Арцём Ткачук