Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі

 IMG 1180Падарожжы заўсёды ўзбагачаюць. Нават тыя, пра якія не хочацца ўспамінаць. Сустрэча з новымі людзьмі, усмешкі, прывітанні і мясцовыя парадкі – гэта чарговая нагода задумацца над сабою і змяніцца, альбо наадварот.

Калі я наведваў маю сяброўку ў адным з самых паўночных гарадоў Іспаніі – Ля Карунья – пасля нядзельнай імшы мне ў рукі трапіла тутэйшая парафіяльная газетка. Гэтае выданне, якое складаецца з двух аркушаў паперы А4, злучаных меднай скобай у верхнім левым куце. І вось сёння мы зробім кароткі агляд гэтага твору парафіянаў і парафіяльнага прынтэру касцёла святога Пятра з Мэзонза.

Газетка выходзіць раз на месяц і спалучае ў сабе ўсю бягучую інфармацыю. Раздаецца проста пры выхадзе з касцёла. На першай старонцы знаходзіцца справаздача парафіяльнага бюджэту за апошні месяц. Тут мы знаходзім поўны разлік за кожнае еўра, якому можа пазайздросціць беларускае міністэрства гаспадаркі. Далей рубрыка “Як робіцца парафія? Удзельнічаючы!”. У вызначаныя суботы ў пэўны час парафіяне збіраюцца і робяць разам розныя рэчы сваімі рукамі. Пазней, у нядзелю, гэта ўсё прадаецца пад касцёлам. Грошы, якія зарабляюцца, ідуць у бюджэт Карытаса парафіі. Цікава, што тут таксама можна замовіць у парафіян які-небудзь прадукт ручнога вырабу. Напрыклад, трэба вам на вяселле тысяча буцікаў. Калі ласка, прыносіце парафіянам 10 палак доктарскай, 30 баханак “кірпічыка”, 5 кіло агуркоў і 5 пачак масла і заўтра ўсё гэта забіраеце ў якасці бутэрбродаў. Як належыцца, за гэтую працу трэба аддзячыць, таму за гэта вы, як кажуць, “падкідваеце зеляніны ў парафіяльны агарод”. І ўсе задаволеныя. Парафіяне зрабілі добры ўчынак, Карытас атрымаў трошкі еўрадаляраў і дапаможа каму-небудзь, а на вяселлі ўсе будуць весяліцца і закусваць касцельнымі буцікамі. Такая вось сістэма.

Наступныя паведамленні тут пра катэхетычную майстэрню, якая адбылася ў парафіі, пра надыходзячыя рэкалекцыі і ўся інфармацыя пра іх. На другім аркушы плябан растлумачвае, што трэба зрабіць, калі вы хочаце пахрысціць дзіцятка ў парафіі, да якой не належыце, і чаму гэта так. Далей яшчэ маленькае разважанне-слова ксяндза да вернікаў. Вось і ўся газетка.

Праглядзеўшы гэтыя два аркушы, адразу падумалася, чаму б у нашых парафіях Гродзенскай вобласці не паспрабаваць зрабіць такія ўнутраныя газеткі. Няхай гэта будзе зроблена на парафіяльным прынтэры, на звычайнай паперы і пры дапамозе простага Word 2007. Але ж людзі мелі б раз на месяц нейкую інфармацыю, кожны б адчуваў сябе больш прыналежным да свайго. У кожным новым нумары з’яўляліся б якія-небудзь здымкі, а людзі пазней бралі ў рукі гэтыя аркушы і казалі: “Глядзі, гэта ж наш Станіслававіч з пятага пад’езду”, альбо “Гэта ж нашая Пані Ядзя, якая касцёл прыбірае”. І ўсім было б трошачкі радасней і харашэй. Бо парафія як дом – там усе свае. Ці хаця б мы павінны імкнуцца да гэтага.