Друкаваць
Бацькоўская катэгорыя: Блогі

Шчыра кажучы, пра святую з Авіля я ніколі не чытаў, і мае веды былі абмежаваныя прыгожымі “абразкамі” гэтай законніцы. Аднак магчымасць наведаць месца, дзе кармелітанка нарадзілася, уступіла ў кляштар і рэфармавала манаскую супольнасць, дазволіла пазнаёміцца бліжэй з гэтай доктаркай касцёла. Такім чынам, сёння едзем у госці да святой Тэрэзы з Авіля.

Тэрэза Санчэз дэ Сэпэда Давіля і Аумада нарадзілася 28 сакавіка 1515 года ў шляхецкай сям’і ў іспанскім мястэчку Авіль. Яна была трэцім з дзесяці дзіцём. Яе маці памерла, калі Тэрэзе было толькі 12 гадоў. Ужо з самага дзяцінства Тэрэза расла чалавекам глыбокай веры. У сваёй аўтабіяграфіі яна ўспамінае, як маленькая хацела са сваім братам уцячы з дому і быць забітай у імя Хрыста.

У 1534 годзе Тэрэза ўступіла ў супольнасць кармелітанак. Там яна правяла ўсё сваё жыццё і была вядомая як рэфарматарка закону, містычка, у 1614 і 1622 гадах была абвешчана бласлаўлёнай і святой адпаведна, у 1970 годзе была прызнана доктарам Касцёла. Засноўваючы асобную галіну кармелітанскай супольнасці, яна хацела надаць жыццю сясцёр большай суровасці. Напрыклад, бічаванне разумелася як набажэнства і павінна было ажыццяўляцца раз на тыдзень, сёстры павінны былі хадзіць басанож і інш.

Як і шматлікіх геніяў свайго часу, Тэрэзу ў пэўны час пераследавалі. У 1576 годзе ёй было забаронена засноўваць новыя дамы, Тэрэза была ізалявана ад свету ў Таледа. Яе спаведніка і дарадцу, святога Яна ад Крыжа, увогуле мучылі голадам і пыталі ў сваім манастыры. Толькі заступніцтва вышэйшых асобаў дапамагло апраўдаць святых перад інквізіцыяй у 1579 годзе. Святая Тэрэза памерла ў 1582 годзе, заснаваўшы каля двух дзясяткаў супольнасцяў сясцёр кармелітанак босых. Пра яе жыццё можна пісаць і пісаць.

 

Сёння Авіль - гэта невялікае мястэчка на захад ад Мадрыда. Хоць у секулярызаваным грамадстве гаварыць пра святых не асабліва паліткарэктна, аднак пра Тэрэзу ў Авілі кажуць шмат. На вуліцах тут можна сустрэць розныя плакаты з рэкламай горада, на якіх амаль заўсёды ёсць выява містычкі. Усё-такі шмат людзей прыязджае сюды, каб убачыць пакоі святой, зямлю, па якой яна хадзіла і проста тут пабыць і пашпацыраваць.

Манастыр, дзе святая жыла да пераезду ў заснаваны ёй новы дом, да сённяшняга дня захоўвае сваю строгасць.

 

С_стэма званкоў. Злева выхад, з правага боку ўваход у частку, дзе жыла святаяЗаходжу ў маленькі дворык, тут ні душы. Няма аб’яваў, планаў - нічога. Толькі перад уваходам вісіць шыльда, што гэта кляштар сясцёр кармелітанак. Пададзена, што тут жыла святая Тэрэза і што пяць гадоў яна супрацоўнічала са святым Янам ад Крыжа менавіта ў гэтым будынку. І пазней дададзена: “Вітаем у гэтым месцы, ідэальным для малітвы і навукі ад такіх высокіх майстроў духоўнасці”. Абыйшоўшы маленькую ўнутраную плошчу, я заўважыў надпіс каля адных з дзвярэй: “Хочаш увайсці ў музей – пазвані ў званок”. Націснуў на кнопку. З аднаго з пакояў выйшла жанчына гадоў каля пяцідзесяці, шчыра прывітала. Даведаўся, што ў манастыры на сённяшні дзень жыве 28 сясцёр, ёсць маладыя пакліканні. Прайшоўшы інструктаж, што і дзе, і атрымаўшы картку з маленькім планам часткі, дзе жыла святая Тэрэза, ідзем да ўваходу. Тут жанчына мне кажа: “Я цябе замкну, а як захочаш выйсці, то вось тут пацягнеш за вяроўку, загучыць званок і я прыйду і адчыню дзверы”. Што ж, як спадарыня скажа.

Першы паверх. Усё так, як было ў часы святой містычкіЗастаюся сам на сам. Канешне, адчуваў сябе трошкі варварам у тым месцы. Усё-такі ніколі не цікавіўся жыццём і духоўнасцю святой, за два дні да прыезду паспеў прачытаць трошкі яе аўтабіяграфіі, агульныя звесткі ў інтэрнэце і паўспамінаў часы, калі кармелітанкі працавалі ў Новым Двары (гэта Шчучынскі раён). Мае бацькі паходзяць адтуль і ўсе свае канікулы я праводзіў у гэтай вёсачцы. Сёстры ставілі кветкі ў касцёле, займаліся моладдзю і шмат іншага. Іх прысутнасць заўсёды напаўняла касцёл жыццём і глыбінёй. Таму з такімі ведамі і ўспамінамі іду па першым паверсе. Тут усё так, як было ў часы жыцця святой Тэрэзы. На сценах малюнкі, якія містычка зрабіла пасля таго, як ёй аб’явіўся Хрыстос убічаваны. У куце - акенца, якое выкарыстоўвалася для перадачы ежы ці іншых рэчаў (бо ўсё-такі не забываем, што манастыр быў і застаецца закрытым альбо канвентуальным).

Малюнак святой ТарэсыМаленькае акенца, якое злучала манастыр са знешнім светам

 

Музычныя інструменты святой

Перад прыступкамі на другі паверх за шклом стаіць фатэль, які выкарыстоўваў Ян Павел ІІ падчас візіту ў манастыр у 1980 годзе. Заходжу на другі паверх. Тут музычныя інструменты часоў святой. Вядома, што яны любіла музыку і дастаткова часта грала ў сваёй келлі. Тут праз акенца можна ўбачыць месца, дзе святой аб’явіўся Бог у постаці Дзіцятка Езус. Туды зайсці нельга, бо гэта ўжо частка манастыра. Якраз у гэты момант праз адзін з калідораў прайшла сястра, якая апавяшчала нешта сёстрам, звонячы ў званок. Жыццё тут ідзе сваім ходам.

 

Пакой, дзе жыла містычка. З правага боку зэдлікі, на якіх сядзелі святы Ян і святая Тэрэза падчас споведзіНа трэцім паверсе знаходзяцца розныя рэчы, якія выкарыстоўвала святая. Тут вам і папскія паперы, і ўласныя лісты сястры, і подушка, на якой яна ляжала, калі складала вечныя абяцанні, і палена, якое містычка выкарыстоўвала штоноч ў якасці подушкі, і шмат іншых рэчаў. Тут можна, ізноў жа толькі праз шкло, убачыць пакой, дзе жыла сястра Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Там стаяць два маленькія зэдлікі, на якіх яна спавядалася святому Яну ад Крыжа. У цэлым у пакоі няма амаль нічога. Але там ёсць дух святасці, дух адданасці і малітвы. Абсалютная цішыня і разуменне, што ты тут абсалютна адзін, дапамагаюць асэнсаваць тое, што ты знаходзішся ў святым месцы, з якога ты не можаш не выйсці лепшым, бо ў іншым выпадку ўсё гэта не мела б сэнсу.

Подушка, на якой ляжала святая падчас складання вечных абяццаняў

 Палена, якім святая карысталася ў якасці подушкі

Пакоік для сустрэчаў

Што ж, званю ў званочак, мяне выпускаюць і, развітваючыся, адчыняюць дзверы да пакою сустрэч, прапаноўваючы заглянуць і туды. Тут сёстры, як і ўжо стагоддзямі, сустракаюцца з роднымі. З нашага, свецкага боку стаяць два зэдлікі. У сцяне зроблена вакно з драўлянай сеткай. Вось так праз гэтую сетку і размаўляюць.


Калісьці ў адным з гэтых трох пакойчыкаў падчас размовы са святым Янам святой Тэрэзе аб’явіўся Хрыстос укрыжаваны.

Месца, дзе святой аб'явіўся маленькі ХрыстосНа гэтым месцы сёння ёсць адпаведная выява. Я зачыняю дзверы сам. Выходжу з будынка. Дождж па-ранейшаму ідзе, усё шэрае і маўклівае. У гэтым месцы цябе не цягаюць за руку і не распавядаюць тоны тэксту. Тут кожны прыходзіць сам, моліцца сам, адыходзіць сам. Адзінае, што табе даюць, гэта цішыня і свабода. Праўдзівая свабода думкі і цішыня, неабходная для гэтага.

Еду дадому, пераглядаю здымкі. На маім кіндлы ляжыць недачытаная аўтабіяграфія святой Тэрэзы. Гэтая цішыня звініць у маіх вушах да сённяшняга дня. Святая містычка праз стагоддзі натхняла сотні і тысячы людзей. Узгадаць хаця б святую Эдыту Штайн. Пасля Авіля я адчуваю сябе абавязаным перад Тэрэзай, мне падаецца, што яна мне штосьці даверыла і я не магу не адказаць удзячнасцю. Трэба быць лепшым. Трэба старацца быць лепшым.

Маліся за нас, святая Тэрэза.

Манастырскія муры. Дзякуючы ім сёстры могуць быць у поўнай ізаляцыі

Арцём Ткачук