Сцены Барселоны, якія моляцца: касцёл Саграда Фамілія

Іспанская Барселона вядомая на ўвесь свет з розных прычын. Барселона як танк руйнуе абароны іншых футбольных клубаў, мясцовыя пляжы не могуць нікога пакінуць абыякавым, своеасаблівая архітэктура, адмысловая ежа, цёплы клімат і гішпанская душа вабяць сюды штогод мільёны турыстаў з усяго свету. Касцёл Саграда Фамілія (Святая Сям’я) застаецца візітоўкай сталіцы Каталоніі. Пра яго і напісаў наш аўтар Арцём Ткачук.

Больш за сто гадоў таму Антоніо Гаудзі, тутэйшы архітэктар, пачаў будаваць храм у гонар Святой Сям’і. Гэтая святыня будуецца да сённяшняга дня. Яе прыгажосцю і адмысловасцю нельга не захапляцца. Яе формы не падобныя ні на што іншае. Пра розныя архітэктурныя асаблівасці будынка ўжо напісаны тамы і, думаю, няма сэнсу апісваць апісанае. Хацелася б звярнуць на іншы аспект.

Гаудзі быў геніем. Да таго ж ён быў чалавекам, які ведаў, адкуль у яго гэты геній. Архітэктар быў глыбокаверуючым і духоўным чалавекам. Адчуць гэта можна, гледзячы ўжо на справу яго жыцця – касцёл Святой Сям’і. Ён ствараў не проста хаос стыляў, але архітэктурную сімфонію, якая славіць Бога і дапамагае рабіць гэта іншым людзям. Тут пры ўваходзе выяўлены прыход Хрыста на зямлю і Яго дзяцінства, над гэтым узвышаюцца чатыры вялізныя вежы з надпісамі “Угору сэрцы” і “Святы”. Фігуры святых са сценаў бласлаўляюць усіх людзей, а па-над імі ўзвышаюцца поўныя кошыкі розных пладоў. Кожны ва ўсім гэтым можа знайсці сваю сімволіку. Гэты храм мне не падаўся якімсьці чарговым прыгожым і незвычайным будынкам. Для мяне гэта была малітва архітэктуры.

Ранкам у нядзелю я выбраўся ў гэты цуда-касцёл на св.Імшу. Літургіі там адбываюцца ў каплічцы пад святыняй. Стары святар праспяваў усю св.Імшу, бабулі і дзядулі цягнулі іспанскія калядкі, бацькі лавілі малых гарэзаў па касцёле і ўсё дыхала Богам. З боку ад алтара знаходзіцца магіла Гаудзі. Маленькая каплічка, дошка з надпісам, што тут пахаваны архітэктар, і фігура Маці Божай. Яго працы, якія цяпер вядомыя на ўвесь свет, не зрабіліся сэнсам яго жыцця. Біёграфы згаджаюцца, што ён усё жыццё хацеў памерці ціха. Аднойчы па дарозе на працу ён трапіў пад трамвай і, нікім не пазнаны, памёр у мясцовым шпіталі. Толькі праз дзень мясцовы святар заўважыў, што нябожчык - гэта вядомы архітэктар.

Штодзённа каля ўвахода ў Саграда Фамілія стаіць чарга ў дзясяткі і сотні метраў. Не, яны не стаяць, каб зайсці на св.Імшу альбо памаліцца. Людзі робяць здымкі, захапляюцца формамі, аднак не бачаць у гэтым чагосьці больш глыбокага. Мне падаецца, што Гаудзі хацеў перадаць веру так. як умеў. Нас жа цікавяць толькі формы. Праслаўленне Бога зазвычай застаецца ў маленькай каплічцы, якая не займае і адной сотай ад усёй святыні. Для веруючага чалавека Саграда Фамілія – гэта радасная Гасанна велічы Бога. Для знаўцы архітэктуры гэта ж толькі адзін з прыкладаў адмысловай архітэктуры. Вось такі цуда-касцёл.

P.S. Заахвочваю ўсіх уважліва паглядзець здымкі. Яны маюць неад’емнае значэнне для гэтага артыкула.

Рэдагавана: 21 Студзеня 2013