31 ліпеня - 1 жніўня ў санктуарыі благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц у Навагрудку (касцёле Перамянення Пана) пройдзе начное малітоўнае чуванне.
Чуванне праводзіцца ў памяць навагрудскіх сясцёр назарэтанак, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Санктуарый запрашае вас раздзяліць гадзіны супольнай малітвы, цішыні і падзякі, - кажуць арганізатары. - 83 гады таму адзінаццаць назарэтанак прынеслі найвялікшую ахвяру - аддалі сваё жыццё дзеля выратавання сем'яў Навагрудка і святара. Мы збярэмся разам, каб прайсці іх апошні зямны шлях: ад месца іх мучаніцтва да святла Імшы на світанні, адкрыць свае сэрцы на заклік Хрыста і памаліцца за нашыя сем'і. Прыйдзіце, каб у цішыні начнога чування знайсці духоўную моц, суцешыць сваю душу і ахінуць малітвай тых, хто найбольш патрэбны Божай міласэрнасці".
Праграма:
31 ліпеня, пятніца
18.00 - святая Імша на месцы расстрэлу сясцёр (у лесе за горадам)
21.00 - канферэнцыя "Гатоўнасць сказаць Богу "так" у цяжкія хвіліны" (кс. Павел Скуба)
22.00 - выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, уступная малітва
23.00 - разважанні пра ахвяру "Няма большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх", Вяночак у гонар навагрудскіх мучаніц
1 жніўня, субота
00.00 - 15 хвілін глыбокай цішыні, Ружанец за сем'і
01.00 - малітва за святароў і аб новых пакліканнях
02.00 - спевы канонаў
03.00 - малітва праслаўлення, гімн "Te Deum", Літанія праз заступніцтва навагрудскіх мучаніц
04.00 - Ютрань аб мучаніках
04.30 (прыблізны час расстрэлу сясцёр) - святая Імша






