16 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі кс. Яна Сарэлы ў трыццаты дзень пасля яго смерці.
Пачатак у 12.00. Духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі запрашаюцца разам памаліцца аб жыцці вечным для спачылагa.
Ксёндз Ян нарадзіўся 28 жніўня 1975 г., паходзіў з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 3 чэрвеня 2000 г. у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Быў пробашчам парафій святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ражанцы (Шчучынскі дэканат) і св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе (Мастоўскі дэканат), адказным мадэратарам за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, мадэратарам апостальскага руху “Маргарытка”. Шмат гадоў быў духоўным айцом супольнасці вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Адышоў у вечнасць пасля цяжкай хваробы 15 мая.





