У касцёл св. Тройцы ў Друі вярнуўся абраз св. Юзафа, знішчаны падчас савецкага часу. Арыгінальны абраз паходзіў з канца 18-пачатку 19 стст. Сёлета была намалявана копія на падставе паўметровай копіі старой выявы святога.
Стварэнне абраза заняло 2 тыдні. Малявалася выява ў кляштары ў Друі. "Гэта недакладная, але вельмі падобная копія", - паведаміла аўтарка Вольга Куваева. Мастачка таксама дадала, што малявала ў намоленай келіі, таму праца не была асабліва цяжкай. "Толькі ў апошнія дні малявалася складана, праца зусім не ішла", - сказала Вольга.
Як напісаў а. Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі ў Друі, у сваім фэйсбуку: "Вяртанне абраза - гэта адзін з крокаў па аднаўленні знішчанага алтара Друеўскай святыні".
Абраз будзе асвечаны падчас урачыстасцяў, прысвечаных 100-годдзю нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча апостальскім нунцыем Клаўдыё Гуджэроцці 31 жніўня 2014 г.
Здымкі: а. Сяргей Сурыновіч