Насупраць мяне сядзіць сівы чалавек з прыемным тварам і добрай усмешкай. Ведаю, што ў яго незвычайны лёс. Ён жыў у розных краінах Еўропы, у Амерыцы, яму вядома жыццё ў раскошы і незваротныя балючыя чалавечыя страты. У гэтай размове мы хочам пазнаёміць Вас з чалавекам, які сціпла называе сябе братам Хельмутам Дзікенам і з'яўляецца заснавальнікам апостальскай супольнасці паяднаных сэрцаў Езуса і Марыі. Асноўнай мэтай існавання гэтай супольнасці, якая зацверджана касцёльнымі ўладамі на дыяцэзіяльным узроўні ў Германіі, з'яўляецца прапаведванне Евангелля сярод свецкіх асоб.
– Спадар Хельмут, раскажыце калі ласка, хто Вы і чым займаецеся?
– Цяпер, пасля майго навяртання, маё імя – брат Хельмут. У свой час я разам з жонкай працаваў архітэктарам і дызайнерам інтэр’ераў у шматлікіх месцах Еўропы і ЗША. Наша праца як мастакоў і дызайнераў мела вялікі поспех. Было шмат паспяховых праектаў у Сан-Францыска, Чыкага, Лос-Анджэлесе. Напрыклад, у Нью-Йорку мы мелі персанальную выставу нашых гістарычна-патрыятычных пано, якія потым разышліся па ўсёй Амерыцы. У Германіі мы мелі вялікі поспех і пасля 10 гадоў, калі мы ўжо жылі ў Мюнхене, мы былі такія багатыя, што мелі магчымасць перасяліцца на Лазурны бераг, у самае багатае месца Еўропы. Мы жылі вельмі багата ў Монтэ-Карла, Ніццы, Канах, у вышэйшым свеце, сярод самых багатых людзей. І калі Мітэран прыйшоў да ўлады, Францыя трапіла ў эканамічную дэпрэсію, мы імігравалі ў ЗША.
Гэта адна частка жыцця…У той час, калі мы былі ў ЗША, у нас не было спачатку такога поспеху, як раней. Госпад дазволіў тое, што мы страцілі ўсе нашы грошы. Мы фактычна скаціліся да нуля. І аднойчы падчас нашага падарожжа на машыне з Нью-Йорка ў Лос-Анджэлес мы прыйшлі фактычна да нашага канца. Астатнія грошы скончыліся, мая жонка і я плакалі ў пустыні ў Тэхасе ў Нью-Мехіка. У той момант я за рулём аўтамабіля спрабаваў размаўляць з Богам як маленькі хлопчык. І я сказаў: “Тата, калі ты існуеш у небе, не дазволь, каб мы страцілі ўсё цалкам”. Некалькі месяцаў пазней мы зразумелі, што Бог нас пачуў. У Лос-Анджэлесе ў нас былі добрыя праекты, мы змаглі купіць дом, зноў вярнулася да нас жыццё ў камфорце, і мы зноў пачалі хадзіць у касцёл. Раней, жывучы ў Францыі, мы ніколі ў касцёл не хадзілі, бо гэтае багатае жыццё нас паглынула.
– Але потым здарылася нешта горшае?...
– Так, пасля чатырох гадоў жыцця ў Лос-Анджэлесе мая жонка Хельга захварэла на рак. Калі мы даведаліся пра гэта, сталі маліцца кожны вечар перад сном. Аднойчы нам патэлефанавала жанчына і сказала, каб мы ехалі дамоў. Нават і не здагадваліся, хто звоніць. Хельга даведалася, што ў Гановеры ёсць вельмі добры ўрач, які лечыць рак і вырашыла ехаць да яго.
Мы вярнуліся ў Еўропу з паглыбленай верай (дарэчы наш сын Дамінік скончыў універсітэт, стаў амерыканцам, у яго сям’я і двое дзяцей, але ён па-ранейшаму далёкі ад Бога і Касцёла). У гэтым падарожжы навяртання я ўпэўнены, што нас вяла Маці Божая. Яна навучала нас нанова шанаваць веру і Касцёл. Пасля таго, як мы трапілі ў Германію, мы скончылі тэалагічную школу ў Вене. Многія вернікі і нават святары раілі нам заснаваць супольнасць. Мы шмат пыталіся, размаўлялі са святарамі і біскупамі, ці патрэбна нам гэта рабіць. Усе хацелі чуць нашу гісторыю навяртання, і ўсе рэкамендавалі заснаваць супольнасць. Гэта быў 1993 год, пачатак. Цяперашні дапаможны біскуп Кёльнскі Мэльцар быў тады нашым пробашчам, пад якога кіраўніцтвам мы знаходзімся і сёння.
Тады з’явіліся першыя ўдзельнікі супольнасці, пастулянты Марыя, Ральф і два духоўныя сыны – я і кс. Аляксандр Фікс з Казахстана. Супольнасць існуе ўжо амаль 20 гадоў. Неба палічыла неабходным тое, што амаль усе гэтыя гады Хельга несла крыж цяжкай ракавай хваробы. Яна перанесла 16 аперацый, вялікіх і не вельмі… Яна перажыла гэтую цяжкую пакуту па-хрысціянску і стала фактычна святой. Яна ніколі не скардзілася, і я ўпэўнены, што я павінен ісці за ёй як за святой. Шэсць гадоў таму яна адыйшла да Бога.
– Але было б цікава паглыбіцца, як Вы асабіста прыйшлі да веры?
– Першым момантам, калі я зразумеў, што павінен звярнуцца да Бога, быў той, калі я пачуў ад лекара, што ў Хельгі рак. У гэты момант я адчуў, што свет рушыцца. Увесь мой свет ужо быў разбураны. Я вырашыў быць разам з Хельгай і прайсці з ёй гэты шлях пакуты. І Бог сапраўды даў нам вельмі шмат ласкі.
– Якое месца, палажэнне займае сёння Касцёл і вера на вашай радзіме?
– Каталіцкая царква ў Германіі пад уплывам пратэстантызму стала вельмі ліберальнай. На жаль, біскупы недастаткова аб’яднаныя паміж сабой, паўстаюць пытанні кантраверсіі, нягледзячы на іх намаганні быць разам. Біскупы імкнуцца знаходзіць дыялог з пратэстанцкімі цэрквамі, але па важных пытаннях падзяляюцца самі.
З другога боку, з-за таго, што жыццё стала занадта матэрыялістычным, з-за лішку “люкса”, матэрыяльных каштоўнасцяў, у Германіі, Бельгіі, Францыі, Галандыі…людзі страцілі Бога. Камфорт стаў для іх фальшывым Богам. І ён вабіць людзей больш, чым святасць. Чаму? Таму што людзі больш не пытаюцца, ў чым Божая воля, іх не цікавіць вера і Слова Касцёла. Адначасова ўсюды – у бізнесе, у сям’і, у розных сферах жыцця – людзі маюць вельмі шмат праблемаў. І на жаль, большая частка католікаў не можа даць пераканаўчы адказ на пытанні людзей.
Я здзіўляюся, чаму 20-30 гадоў таму мы не зразумелі, што перш за ўсё трэба даць людзям добрае рэлігійнае выхаванне і адукацыю. Можа я памыляюся, але на маю думку, гэта тое, чаго нам больш за ўсё не хапае – глыбокага разумення і перажывання веры. Калі спытацца ў дзесяці католікаў, што адбываецца на алтары падчас святой Імшы паміж небам і зямлёй, вы толькі дваіх-траіх знойдзеце, якія гэта разумеюць. Калі вы спытаеце католікаў, чаму вы павінны ісці ў касцёл у нядзелю, яны вам не адкажуць, бо не ведаюць. Трэба разумець, што не Богу патрэбна нядзельная св. Імша, а нам: Бог запрашае нас прыняць удзел у Імшы, і гэта гонар для нас, каб суправаджаць Госпада ў страчаным свеце, каб зноў знайсці адчуванне жыцця.
– Як на вашую думку звязаны духоўны крызіс з крызісам сучаснай сям’і?
– Гэтую сувязь ня цяжка заўважыць. Там, дзе Касцёл не мае ўплыву на людзей, не ўдзельнічае у іх жыцці, адбываецца злом. Людзі шукаюць адказаў у іншых месцах – пераходзяць у будызм, іслам, бо не разумеюць на самой справе таямніцы і глыбіні нашай веры. Таму што з амвона ім гэтага не тлумачаць. Людзей заманілі фальшывыя богі. Нават дзецям няма месца ў сям’і. Калі і далей у нямецкіх сем’ях будзе па аднаму дзіцяці, праз 40-50 гадоў Германія знікне.
Палітыка не толькі ў Германіі, а наогул у Еўропе павінна павярнуцца тварам да сям’і. Яшчэ Ян Павел ІІ гаварыў аб гэтым 30 гадоў таму. Ён прапанаваў, каб маці малых дзяцей атрымоўвалі як бы месячную зарплату, каб жанчына магла быць дома, а не працаваць. Шматлікія маладыя жанчыны хацелі бы быць маці, але не вырашаюцца, бо бачаць, што занадта цяжка. У грамадстве наогул знікла такое паняцце, як “жанчына, якая займаецца домам і дзецьмі”. Знік цэлы клас супольнасці. Таму прапанова Яна Паўла ІІ звольніць жанчыну, даць ёй магчымасць займацца дзецьмі, даць ёй зарплату вельмі актуальная, але гэтага па-ранейшаму няма ў Еўрасаюзе. Адзін з яго кіраўнікоў сказаў, што калі Еўропа не вернецца да сваіх хрысціянскіх каранёў, яна не мае будучыні. І гэта сапраўды так. Але гэтага немагчыма дасягнуць без актыўнай прасямейнай палітыкі.
– Брат Хельмут, Вы цешыліся, што ў нашых касцёлах шмат вернікаў, што вялікая колькасць людзей прыходзіць на св. Імшу. Што б Вы хацелі сказаць нашым католікам каб, можа, перасцерагчы ад глыбокага духоўнага крызісу, якое напаткала зараз Еўропу?
– Калі ў сем’ях будзе слабнуць вера і будзе мала дзяцей, вельмі хутка ў вас будзе такая ж сітуацыя, якая зараз ёсць у Еўропе – разводы, няшчасця і пакуты. Гэта шлях па якім ідзе сучасная Германія. Трэба, не зважаючы на паліткарэктнасць казаць: у вас павінна быць шмат дзяцей. Канешне, гэта цяжка бацькам мець шмат дзяцей, бацькі не могуць дазволіць сабе на ўсё, калі маюць шмат патомства, але дзеці прыносяць бацькам столькі радасці і шчасця, якога яны ніколі нідзе больш не знойдуць. Калі бацькі становяцца старэйшымі, яны бачаць у дзецях плады свайго жыцця. Калі няма дзяцей, людзі старэюць і застаюцца самотнымі і няшчаснымі.
– Дзякуй за размову.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын.