Непадалёк Гродна, каля в. Гожа, знаходзіцца цікавае месца, дзе жыве манах Яраслаў Крыловіч ОFMCap, які палюбіў жыць з малітвай у самотнасці, наследуючы прыклад святога Францішка з Асыжу. Аб тым, чым для гэтага чалавека з'яўляецца самотнасць, чаму ён выбраў гэтае месца і шмат іншага вы даведаецеся з гэтага інтэрв'ю да якога далучаны фотарэпартаж.
Брат Яраслаў, скажыце калі ласка як вы апынуліся ў гэтым, амаль што бязлюдным месцы, на беразе Нёмана непадалёк мяжы з Літвой?
Вельмi проста: атрымаў дазвол ад сваëй улады ў манаскiм Ордэне, каб крыху пажыць у пустэльнi, сабраў неабходныя рэчы i дабраўся сюды. Такiм чынам, наведваю гэтае месца (Пералом) ужо чацьвëрты год. Сëлета буду тут да канца чэрвеня.
Раскажыце калі ласка гісторыю гэтага знакавага месца, яе мала хто ведае?
Перад I Сусветнай вайной тут быў кляштар капуцынаў. У савецкiя часы ўлады зрабiлi так, што ëн перастаў iснаваць. Трое братоў-несвятароў знаходзіліся тут і праводзілі супольнае манаскае жыццё да 1955 года, а адзiн з iх, бр. Крыспiн, заставаўся у гэтым маленькім домiку ў лесе, як пустэльнiк, аж да 1984 г. Iншы, бр. Караль, патаемна атрымаў святарскае пасвячэнне i быў прызначаны пробашчам у в. Лiпнiшкi (Iўеўскi р-н). Можна сказаць, што ад гэтых двух братоў бярэ свой пачатак Ордэн Капуцынаў на Беларусi.
Будынкi касцëла i кляштару былi разабраныя або знiшчаныя. Застаўся толькi домiк бр. Крыспiна. У 90-я гады мясцовыя вернiкi пабудавалi невялiкi касцëл, аднак сiстэматычных набажэнстваў у iм не было.
Разкажыце крыху аб сябе?
Мне 44 гады. Паходжу з Мiнска. Вырас у атэiстычным асяроддзi, таму хаця i быў у дзяцiнстве ахрышчаны, вернiкам стаў у 90-е гады. Тады i распазнаў сваë паклiканне пайсцi за св. Францiшкам шляхам манаскага жыцця. Уступiў у Ордэн Капуцынаў. Атрымаў вышэйшую тэалагiчную адукацыю на Каталiцкiм Унiверсiтэце ў Люблiне. Нiколi не адчуваў паклiкання да святарства, таму i не прасiў аб сваім пасвячэнні. З 2006 г. знаходжуся ў Беларусi ў розных месцах прысутнасцi нашага Ордэна, а цяпер прыналежу да капуцынскай супольнасцi ў в. Валкалата Докшыцкага р-на Вiцебскай вобл.
Як ставяцца браты да вашага замілавання самотнасці?
Па рознаму. Не смагу адназначна адказаць на гэтае пытанне.
Ці часта яны Вас тут адведваюць?
Вельмi рэдка. Магчыма, што па прычыне значнай аддаленасцi Пералома ад iншых нашых дамоў.
Якія ў вас тут матэрыяльныя ўмовы жыцця?
Электрычнасцi няма: крыху здабываю яе з сонечнага святла, часам прашу ў дачнiкаў "падладавацца". За вадой хаджу да студнi за 300 метраў адсюль. Гатую ежу на газе, але балончык невялiкi, трэба ўвесь час шукаць, дзе дазаправiць. Калi абмежаваць патрэбы да самага неабходнага, то аказваецца, што матэрыяльных сродкаў трэба зусiм няшмат, таму хапае невялiкiх ахвяраванняў ад вернiкаў.
Раскажыце калі ласка пра ваш распарадак дня?
Распарадак патрэбны перш за ўсё для жыцця ў супольнасці, таму я не мушу тут трымацца канкрэтнага часу, пахвілінна разпланаванага. Адзiным пастаянным часам з’яўляецца штодзëнная малiтва з людзьмi ў касцëле а 15 гадзіне (Каронка, спяваная Лiтанiя i частка Ружанца, часам яшчэ што-небудзь). Адносна ншага можна казаць пра пэўны рытм жыцця, прынцыпы. У пустэльнi няма перашкодаў i можна спакойна паставiць малiтву на першае месца, i ад яе адлiчваць час на ўсе iншыя справы. Рытм малiтвы - гэта перад усiм св. Iмша, на якую хаджу некалькi разоў у тыднi за 12 км ў Гожу, а таксама - Лiтургiя Гадзiнаў. Далей - час на iншыя iндывiдуальныя малiтвы, разважанне Святога Пiсання, духоўнае чытанне. Гадзiнку - другую варта прызначыць на нейкую фiзычную працу, бо гэта карысна для духа. Шмат часу забiрае iнтэлектуальная праца, якую я звычайна выконваю па-за пустэльняй. Агулам кажучы застаецца толькi час на начны адпачынак i самаабслугоўванне.
Як мясцовыя людзі ставяцца да Вас?
Вельмi зычлiва. Па-першае, кс. пробашч Павел Шаньчук з Гожы заўсëды цешыцца, калi я цi iншыя браты прыязжаюць і нiколi не адказвае ў дапамозе. Мясцовыя жыхары i дачнiкi рады прысутнасцi капуцынаў, а многiя памятаюць бр. Крыспiна i добра сведчаць пра яго жыццë. А некаторыя памятаюць, як расквiтала рэлiгiйнае жыццë пры кляштары i распавядаюць пра "старыя добрыя часы". Але словамi не абмяжоўваюцца. Напрыклад, калi мяне тут не было, зрабiлi рамонт у хатцы.
Што вы хочаце дасягнуць праз малітву і працу ў самотасці і які сэнс вы бачыце менавіта ў такім стылі жыцця?
Аднойчы, ад аднаго iтальянскага капуцына я пачуў такое тлумачэнне стылю жыцця св. Францiшка: "маятнiк". Францiшак малiўся i надыходзiў момант, калi Дух Святы як бы выштурхваў яго да людзей, каб праз абвяшчэнне Евангелля дапамагаў iх збаўленню. Потым надоходiў момант, калi св. Францiшак "вычэрпваўся" i тады "маятнiк" вяртаўся назад на пустэльню. Вось так жыццё дзялілася больш-менш папалам, адна палова прысвячалася малітве, другая - апостальству.
Што больш за ўсё вам перашкаджае ў малітве?
Лянота, рассеянасць, а таксама камары.
Наколькі вядома, вы таксама маеце замілаванне ва Ўсходняй традыцыі хрысціянства, адкуль гэтая любоў? Ці практыкуецце вы малітву ўсходняга абраду?
Справа ў тым, што ўсе мае продкi былi праваслаўнымi, ахрышчаны я быў у царкве. Не маю нiякiх польскiх каранëў. Католiкам я стаў па перакананнi ў веры - трэба быць у адзiнстве з Рымам. Малiтва ў праваслаўным абрадзе з'яўляецца для мяне жывой i натуральнай, а кожная iншая - вялiкiм намаганнем веры. Таму я прасiў i атрымаў дазвол у тых выпадках, калi няма супольнай малiтвы, замяняць Лiтургiю Гадзiнаў на яе адпаведнiк у праваслаўным абрадзе.
Мне так здаецца, што вы кладзеце акцэнт на тэрмiне "праваслаўны абрад" i як бы пазбягаеце сказаць "усходнi абрад". Цi можа я памыляюся?
З большага гэтыя тэрмiны можна лiчыць узаемназамяняльнымi, але акцэнт я сапраўды кладу i справа вось у чым. Сучасныя беларускiя грэка-католiкi, як мне здаецца, абапiраюцца на традыцыю i тоеснасць Беларускай Грэка-Каталiцкай Царквы. Усë гэта вельмi добра i правiльна, але з пункту гледжання каталiцкай веры такi падыход не з'яўляецца адзiным магчымым i абавязковым. Напрыклад, для мяне больш натуральным здаецца абаперцiся на традыцыю сучасных праваслаўных, сярод якiх я жыву, калi няма супярэчнасцей з каталiцкай верай. Спрошчана кажучы, малiтвы я вучуся ў праваслаўных Маскоўскага Патрыярхату, а веры - у Рымскага Папы. Цiкава, што ў нас нават быў капуцынскi кляштар на Палессi з падобным да майго падыходам да абраду, але быў ëн знiшчаны падчас польска-украiнскiх сутыкненняў у 1944 годзе.
Вы таксама актыўна ўдзельнічаеце ў каталіцка-праваслаўным дыялозе і на працягу некалькіх гадоў пішаце вельмі глыбокія артыкулы на гэтую тэму ў сваім блогу на catholic.by. На ваш погляд, як хутчэй можна наблізіць адзінства хрысціян ва ўсім свеце, бо менавіта аб гэтым прасіў свайго Айца Хрыстос у сваёй архісвятарскай малітве?
Другi Ватыканскi Сабор i iншыя дакументы Касцëла накрэслiлi асноўныя шляхi да адзiнства. Справа толькi ў тым, каб кожны праявiў творчую актыўнасць, згодна са сваiм станам i паклiканнем. Галоўнае - гэта пераадолець прызвычаенне да iснуючага падзелу. Вельмi балюча чуць ад вернiкаў, а нават ад асобаў, якiя прысвяцiлi сябе служэнню Богу такiя словы: "Мне здаецца, што праваслаўныя i католiкi нiколi не аб'яднаюцца". Сама такая пазiцыя ўжо з'яўляецца прычынай падзелу.
У Беларусі не існуе закрытых кантэмпляцыйных кляштараў. Як вы думаеце, ці існуе патрэба ў іх, а калі так ці будуць такія духоўныя ўстановы мець пакліканні?
Мне здаецца, што яны могуць з'явiцца або праз моцныя мясцовыя паклiканнi з харызматычным лiдэрам, або праз фундатара, якi запрасiў бы манахаў з iншай краiны. Але ўсë гэта ў руках Божых. Шчыра кажучы, не ведаю.
Ці, акрамя Вас, вы ведаеце каго-небудзь у Беларусі, хто гатовы б быў прысвяціць або прысвяціў сваё жыццё выключна малітве і жыццю ў самотнасці?
Мушу растлумачыць адну рэч. Я, як капуцын, не паклiканы да малiтвы ў адзiноце. Адзiноту я ўспрымаю як часовы недохоп. Нармальна тут павiнна быць супольнасць братоў, якiх аб'ядноўвае супольны духоўны вопыт спаткання з Панам. Але капуцынаў на Беларусi пакуль што мала i "капуцынскасць" можа выражацца па-рознаму, таму я такi тут адзiн атрымаўся.
Што вы б хацелі параіць тым людзям, якія жывуць у пастаяннай мітусьні гэтага свету і вельмі стаміліся?
Калi Бог будзе на першым месцы, то ўсë ў жыццi будзе на сваiм месцы.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын