21 сакавіка трапіў у шпіталь кс. Леанід Несцюк, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат). Стан святара вельмі цяжкі. Таму заахвочваем усіх людзей добрай волі да малітвы аб яго хуткім выздараўленні.
Ксёндз Леанід Несцюк вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі. Больш за 20 гадоў служыць у гервяцкай парафіі, якая можа ганарыцца прыгожай святыняй. Гэты касцёл з-за яго прыгажосці часта называюць "беларускім Нотр-Дамам", штодзённа наведваюць шматлікія турысты з усёй краіны і з-за мяжы.
Захапляе і тэрыторыя, якая прылягае да святыні: прыгожыя кветкі, дрэвы, а таксама фігуры 12 апосталаў. Пра ўсё гэта клапаціўся асабіста кс. Леанід Несцюк, які ўклаў у гэта шмат сэрца і проста часта падкрэсліваў, што “гэта трэба любіць”.
На парафіяльныя ўрачыстасці неаднаразова запрашаліся прадстаўнікі мясцовай улады, якія часта адзначалі, што кс. Леанід Несцюк з’яўляецца "гонарам Астравеччыны".
Узнясём свае малітвы ў інтэнцыі хворага святара, каб, выздаравеўшы, ён мог далей служыць нашаму Касцёлу на Гродзеншчыне.
Ксёндз Леанід Несцюк нарадзіўся 24 мая 1955 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў біскуп Людвікас Павілоніс 22 мая 1982 г. у Каўнасе. З 1996 г. з’яўляецца пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах. У 2016 г. узнагароджаны медалём І ступені "За заслугі перад Вільнюсам і яго народам". Узнагарода была ўручана ў гарадской ратушы Вільнюса падчас святкавання дня Гервяцкай літоўскай абшчыны, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі літоўскага Сейма.
Кс. Юрый Марціновіч