Успамін св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, адзначылі 20 сакавіка навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Падчас ранішняй святой Імшы клерыкі і выкладчыкі павіншавалі біскупа Юзафа Станеўскага, які ў гэты дзень святкаваў дзень сваіх Імянін.
"Молімся, каб Бог праз заступніцтва святога апекуна, які з’яўляецца прыкладам сціплага і пакорнага жыцця, дапамагаў біскупу Юзафу будаваць хрысціянскую супольнасць у духу сапраўднай любові, добразычлівасці і ўзаемападтрымкі па прыкладзе Святой Сям'і", - адзначыў падчас урачыстасці рэктар семінарыі кс. д-р Раман Рачко.
***
Нягледзячы на тое, што Біблія змяшчае зусім няшмат звестак пра св. Юзафа, менавіта Абраннік найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў у хрысціянстве. Па прафесіі ён быў цесляром, жыў і працаваў у Назарэце і быў заручаны з Марыяй.
Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.
кл. Яўген Амосенак