27 лютага святары, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся на пастырскую сустрэчу ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Падчас сустрэчы разважалі на тэму пасланніцтва святара-спаведніка. Было падкрэслена, што кожны святар-спавяднік павінен дапамагчы чалавеку паглядзець на сябе вачыма і сэрцам Езуса.
Быць слугой, а не панам
Найважнейшым момантам, на які звярталася ўвага на сустрэчы, было тое, што святар, каб быць яскравым знакам, павінен вельмі глыбока ўсвядоміць фундаментальную праўду, што ён з’яўляецца не панам, а слугой Божага прабачэння. У сувязі з гэтым сваё пасланніцтва ў дачыненні да таго, хто навяртаецца, ён павінен спаўняць, маючы інтэнцыю дзеяння і кіруючыся прыкладам любові Хрыста.
Для кампетэнтнага выканання ролі спаведніка яму патрэбна, як было адзначана, глыбокае веданне хрысціянскіх паводзінаў, досвед у справах, якія датычаць чалавечага жыцця, а таксама павага і далікатнасць у дачыненні тых, якія ўпалі, але нанова шукаюць паяднання з Богам.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў усіх святароў быць “вестунамі дабрыні”, быць “адкрытымі заўсёды на беды і патрэбы вернікаў”. Біскуп адзначыў, што кожны святар павінен з вялікай адказнасцю падыходзіць да здзяйснення сакрамэнту, каб вернікі ў служэнні святароў “сустракалі міласэрнага Бога, які любіць кожнага чалавека і жадае яго збаўлення”.
Не “мець, а “быць”
Гамілію прамовіў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага раёна. Святар адзначыў, што “без спазнання Божай любові духоўнае жыццё святара немагчымае, а калі ўжо пачалося, то без спазнання гэтай любові вяне і сохне”.
Па словах кс. Уладзіміра Гуляя, пакліканы чалавек не павінен баяцца сябе. “Бо калі Хрыстус абірае мяне сёння, калі я слабы, то таму, што бачыць канчатковы вынік майго жыцця. Ён бачыць ува мне магчымасці святога”, - сказаў святар.
Ксёндз Уладзімір Гуляй дадаў, што нельга пачынаць святарскага жыцця, калі не сустрэў Хрыста як асобу. “Чалавеку патрэбны хтосьці, хто адкажа на яго чалавечае жаданне блізкасці. А таму, калі Бог з’яўляецца асобай, то здольны мяне любіць і адказваць на мае патрэбы быць любімым”, - адзначыў біскупскі вікарый, падкрэсліўшы, што любоў Хрыста – крыніца, з якой пакліканне нараджаецца і дзякуючы якой потым трывае.
“Калі чалавек хоча быць дасканалым, то не скажа: “у мяне ёсць святарства”, але: “я з’яўляюся святаром”. Бо святарствам не валодаюць, святарствам жывуць”, - дадаў кс. Уладзімір Гуляй.
Па словах святара, Бог скіроўвае заклік “Ідзі за Мной” людзям, якія ведаюць, што “мець” – не самае важнае: “Рысай святарскай дасканаласці з’яўляецца перакананне, што шчасце дасягаецца на шляху перажывання існавання як дару”.
Сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася аб'явамі адносна бліжэйшых мерапрыемстваў у дыяцэзіі i супольным абедам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Шчыглінская