20 лютага ў харвацкім горадзе Вукавар стартаваў XI Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Каманда Беларусі не змагла трапіць у плэй-оф, заняўшы ў сваёй групе апошняе месца. Усе матчы з удзелам беларусаў прайшлі ва ўпартай барацьбе, а лёс двух прайграных матчаў вырашыў адзін гол.
Вынікі гульняў:
Беларусь 1-1 Аўстрыя
Беларусь 1-2 Славенія
Беларусь 0-1 Харватыя
У гэтым годзе ў каманду Беларусі ўвайшлі святары толькі з Гродзенскай дыяцэзіі. Да адноўленага складу далучыліся маладыя ксяндзы.
ХI Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў у Харватыі праходзіць з 20 па 23 лютага. Сёлета ў ім прымаюць удзел каля 220 ксяндзоў з 15 еўрапейскіх краін, у тым ліку: з Партугаліі, Італіі, Аўстрыі, Славеніі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Румыніі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Украіны, Беларусі, Казахстана і Харватыі.
JM
Фота: http://djos.hr