XXVI Міжнародны турнір па футболе сярод моладзі ва ўзроставых групах з 2000 па 2007 год нараджэння прайшоў у Варшаве. Сёлета ў турніры, арганізаваным польскім Каталіцкім спартыўным таварыствам, прынялі ўдзел каманды з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.
Беларусь прадстаўлялі дзве каманды з Гродзенскай дыяцэзіі — "Гродна 2001" і "Гродна 2002". У іх склад увайшлі гульцы з гродзенскіх парафій (Гродна-Аўгустоўкі, Гродна-Вішнявец, Гродна-Дзевятоўка, Гродна-катэдра) і парафіі ў Каробчыцах. Апекуном беларускай групы выступіў кс. Артур Малафей, душпастыр спартсменаў нашай дыяцэзіі. Трэнерам каманды — Аляксандр Гусар (футбольны клуб "Слонім").
Кожны дзень моладзь пачынала са св. Імшы, пасля чаго збіралася на футбольнай пляцоўцы.
У сваіх узроставых катэгорыях з дзевяці каманд "Гродна 2001" заняла 2 месца, а каманда "Гродна 2002", таксама з дзевяці каманд, — 1 месца, атрымаўшы перамогу ва ўсіх васьмі матчах.
Лепшым гульцом турніру прызнаны Уладзіслаў Чэчко з каманды "Гродна 2001". Лепшы галкіпер — Вадзім Сляпец з каманды "Гродна 2002". Лепшым апекуном турніру прызналі кс. Артура Малафея.
Самым каштоўным гульцом у камандзе "Гродна 2001" быў прызнаны Міраслаў Эльяшэвіч, у камандзе "Гродна 2002" — Уладзіслаў Лышчык.
Гродзенскія каманды разам са сваімі апекунамі выказваюць удзячнасць сем’ям з парафіі Святога Патрыка ў Варшаве, якія прымалі на начлег футбалістаў.
***
Галоўная мэта турніру - гэта выхаванне дзяцей і моладзі праз заняткі спортам, інтэграцыя з парафіянамі, уменне правільна сябе паводзіць на пляцоўцы, культура паводзін падчас гульні і на трыбунах, уменне планаваць вольны час у паўсядзённым жыцці.
Тэкст: Міраслаў Эльяшэвіч
Фота: кс. Артур Малафей