6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафію Унебаўзяцця НМП у Лідзе, дзе ўзначаліў святую Імшу. Шматлікая колькасць вернікаў сабралася ў святыні, каб сустрэцца з Панам і прывітаць госця.
У гаміліі біскуп прыгадаў гісторыю трох мудрацоў, якіх традыцыя называе каралямі. "Яны былі вучонымі, багатымі і ўплывовымі людзьмі. Іх пошукі Месіі, пакланенне і ахвяраванне Яму дароў сведчыць аб тым, што Сын Божы стаў чалавекам, каб збавіць усе народы, а не толькі габрэйскі. Важна, каб у сваім жыцці мы ўмелі знаходзіць дарогу да Хрыста, як знайшлі яе мудрацы з Усходу. Мы павінны імкнуцца крочыць тым шляхам, які ўказвае нам Збаўца", - падкрэсліў іерарх.
На заканчэнне ўрачыстасці вернікі атрымалі пастырскае благаслаўленне.
АМ