22 жніўня ў санктуарыі ў Лагішыне прайшла галоўная святая Імша з удзелам пілігрымаў у межах сёлетніх урачыстасцяў Маці Божай Каралевы Палесся. У малітве вернікі прасілі ў Каралевы Палесся заступніцтва ў сваіх інтэнцыях.
Цэлебраваў Імшу біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, канцэлебравалі - дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
На пачатку набажэнства іерархі звярнуліся да сабраных з прывітальным словам.
Біскуп Юзаф Станеўскі прыгадаў прамову Папы Францішка ў Кракаве падчас сёлетніх Сусветных дзён моладзі, адзначаючы, што маладому пакаленню трэба часцей размаўляць са старэйшымі людзьмі, якія калісьці ў часы пераследу захавалі веру.
"Той водгук Папы Францішка, які гучаў на СДМ у Кракаве, сёння хацелася б паўтарыць і запытацца ў вас, моладзь Пінскай дыяцэзіі: ці гатовыя вы размаўляць аб сваёй будучыні, аб сваім шчасці са старэйшым пакаленнем?", - сказаў іерарх, а таксама заўважыў, што не толькі маладым трэба размаўляць са старэйшымі, але і наадварот.
Спевамі аздобіў лагішынскія ўрачыстасці хор пілігрымаў з Баранавіч і Бярозы. Нязломную варту каля самога алтара неслі скаўты, якія прыбылі ў Лагішын з розных куткоў Беларусі.
Паводле catholic.by