Увечары 4 ліпеня, у першы дзень паломніцтва "Гродна-Тракелі", у касцёле Хрыста Валадара ў Азёрах, пілігрымы мелі магчымасць далучыцца да акцыі "Рэха Магніфікату". Сутнасць мерапрыемства заключаецца ў правядзенні ў парафіях Беларусі паказу хрысціянскіх кароткаметражных дакументальных фільмаў, прызёраў фестывалю "Магніфікат".
Па запрашэнні кс. Паўла Салабуды, каардынатара пілігрымкі, у Азёры прыбылі некаторыя з арганізатараў акцыі і прадэманстравалі сабраным вернікам фільм польскага рэжысёра Пшэмэка Млыньчака пад назвай "Хлопец маёй сяброўкі".
Фільм распавядае пра скінхэда, які стаў святаром, але пры гэтым не страціў сувязі з асяроддзем свайго мінулага і дапамагаў моладзі знайсці Бога.
Пасля прагляду фільму кс. П. Салабуда падзяліўся з прысутнымі, што пазнаў галоўнага героя фільму. Кс. Павел кантактаваў з вышэй узгаданым святаром падчас навучання ў Польшчы.
Як адзначыла ўдзельніца аргкамітэту фестывалю Ганна Віткоўская, дзякуючы гэтай акцыі вернікі з усёй Беларусі могуць бліжэй пазнаёміцца з хрысціянскім кінамастацтвам і паглядзець на актуальныя праблемы вачыма вядомых каталіцкіх рэжысёраў.
Запрасіць у сваю парафію "Рэха Магніфікату" можа любая беларуская парафія. Для гэтага неабходна звярнуцца да прадстаўнікоў аргкамітэту:
Аляксандр Лавыш: +375 29 3496303+375 29 3496303
Ганна Віткоўская: +375 29 2852628+375 29 2852628
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: В. Сяліцкая