Раніцай 23 чэрвеня ўрачыста завяршылася VIII парафіяда для дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На св. Імшы ў гродзенскім касцёле імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на заканчэнне спаборніцтваў, а таксама на ўручэнні ўзнагарод, удзельнічаў кс. біскуп Аляксанд Кашкевіч.
Падчас набажэнства ўдзельнікі парафіяды спевамі і малітвамі дзякавалі Богу за супольна праведзены час і магчымасць прадэманстраваць і развіць свае таленты.
З Божым Словам падчас св. Імшы да моладзі звярнуўся кс. Юрый Марціновіч:
- Кожнае спатканне з іншым чалавекам уносіць нешта новае ў нашае жыццё. Парафіяда, сутнасць якой палягае на сустрэчы з Богам і бліжнім, у першую чаргу павінна ўзбагаціць і духоўна аднавіць вас. Арганізатары спадзяюцца, што кожны з вас падчас селётніх мерапрыемстваў убярэ ў сябе тое, што неабходна, каб быць сапраўдным сведкам Хрыста.
Кс. Юрый заклікаў таксама не саромецца сведчыць аб сваёй веры па-за межамі Касцёла і ажыццяўляць вучэнне Хрыста.
Пасля супольнай Эўхарыстыі прызёры спаборніцтваў атрымалі з рук Гродзенскага ардынарыя і арганізатараў узнагароды і памятныя падарункі.
І. месца заняла парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі,
ІІ. - парафія Святой Сям’і ў Лідзе,
ІІІ. - парафія п.н. НМП Вострабрамскай Маці Міласэрнасці.
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі сюрпрыз.
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: В. Снітко