Хваля пратэстаў пракацілася па Францыі пасля таго, як Вышэйшы адміністрацыйны суд краіны забараніў ставіць батлейку, якую традыцыйна рабілі ў памяшканні мэрыі горада Ла-Рош-сюр-Йон.
Суд палічыў, што калядная батлейка ў мэрыі «пагражае рэлігійнай нейтральнасці" дзяржавы, аднак гэта рашэнне выклікала адваротны вынік - батлейкі пачалі рабіць у мэрыях многіх іншых гарадоў, у якіх раней іх не ўсталёўвалі.
Многія кіраўнікі гарадоў і органаў мясцовага самакіравання заявілі, што сцэны з фігуркамі Панны Марыі, Святога Юзафа і немаўляці Езуса ў яслях адлюстроўваюць хрысціянскую глебу французскай культуры.
Апытанне, якое правяла газета Le Parisien, сведчыць, што 86% з апытаных, 12 тысяч яе чытачоў хочуць захаваць батлейкі ў дзяржаўных установах.
Ла-Рош-сюр-Йон знаходзіцца на захадзе Францыі ў традыцыйна каталіцкай правінцыі Вандэя, якая ў часы Французскай рэвалюцыі паўстала супраць Парыжа ў значнай ступені з-за антыкаталіцкіх рэпрэсій новых уладаў. Падчас баёў паміж мясцовымі паўстанцамі і ўрадавымі войскамі горад быў практычна знішчаны.
Паводле Кatolik.ru