«Святая Твая дарога, Пастыр наш, святар!» — спявала моладзь, віншуючы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуша Кандрусевіча з 25-годдзем біскупскай сакры і імянінамі. І гучалі гэтыя словы лёгкага спеву сярод мноства ганаровых віншаванняў як духоўных, так і свецкіх асобаў, месцам сустрэчы для якіх стала 28 кастрычніка мінская катэдра — у дзень успаміну святых Сымона і Юды Тадэвуша.
У супольнай Эўхарыстыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прысутнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскупы з суседніх краін, сярод якіх біскуп Элцкі (Польшча) Ежы Мазур, арцыбіскуп Пётр Мальчук з Украіны, Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы, дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка, біскуп на пенсіі Шчэцінска-Камінскай дыяцэзіі (Польшча) Блажэй Крушыловіч, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы — епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка), прадстаўнік лютэранскай супольнасці пастар Уладзімір Татарнікаў, прадстаўнікі ўлады і дыпламатычнага корпусу, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі як з усёй Беларусі, так і з суседніх дзяржаў, дзе вучыўся і працаваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі звярнуўся з урачыстым словамі біскуп Аляксандр Кашкевіч:
«Ужо на працягу чвэрці стагоддзя Пан Бог у сваім Провідзе заклікае Вас да складаных, адказных заданняў, і ўжо на працягу чвэрці стагоддзя Вы з поўнай адданасцю і самаахвярнасцю служыце Касцёлу і Божаму люду, спачатку як апостальскі адміністратар для католікаў Беларусі, затым як арцыбіскуп у Маскве, цяпер як арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,» — адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч і пажадаў, каб асабісты прыклад веры і даверу да Хрыста, які дае Мітрапаліт, узмацняў усіх, хто ідзе шляхам хрысціянскага жыцця.
Ад імя дзяржаўных уладаў павіншаваў іерарха Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, які адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі з'яўляецца актыўнай часткай грамадства, якая займае дзейсную пазіцыю ва ўмацаванні дабра, міласэрнасці і служэнні людзям ў грамадстве і пажадаў іерарху духоўнай моцы ў справе служэння Беларусі і Каталіцкаму Касцёлу.
Поўны тэкст рэпартажа на Catholic.by