Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла імя св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні. У Беларусі гэта першая святыня, якая ўзводзіцца пад тытулам святога. Адметна, што цырымонія асвячэння адбылася 22 кастрычніка — у першы літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ.
Парафіяльная супольнасць св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні яшчэ дастаткова маладая і налічвае толькі два гады. 17 лістапада 2012 года тут быў асвечаны крыж і пляцоўка пад будаўніцтва новага касцёла. Праца па ўзвядзенні новай святыні распачалася з вялікім энтузіязмам і ўжо праз год — 15 ліпеня 2013 года — на гэтым месцы гродзенскім ардынарыем была асвечана новая капліца.
На ўрачыстую святую Імшу ў парафіяльны адпуст, падчас якога быў асвечаны фундамент будучай святыні, прыбыло шмат вернікаў і гасцей, сярод якіх шмат запрошаных святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады.
Паводле Catholic.by