Соф’я Слуцкая многім вядомая як праваслаўная святая. У гонар гэтай жанчыны нават названы сталічны храм. Аднак гісторык Анастасія Скеп’ян сцвярджае, што праваслаўная святая насамрэч была… іншай веры.
Доказы такому смеламу сцвярджэнню змяшчаюцца ў новай кнізе «Князі Слуцкія», напісанай старшым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дацэнтам Анастасіяй Скеп’ян. Ёй удалося адшукаць дакументы, у якіх падрабязна апісваецца жыццё Слуцкай, пачынаючы ад самага яе нараджэння да заключэння шлюбных кантрактаў у 1595 годзе, калі яна трапіла пад апеку роду Хадкевічаў.
Па словах даследчыцы, у жыцці Соф’і было трое мужчын, якія зрабілі значны, часта не самы лепшы ўплыў на яе лёс: гэта апякун Геранім Хадкевіч, муж Януш Радзівіл, а таксама антаганіст мужа Ян Караль Хадкевіч. Апошні, дарэчы, хоць і славіўся як палкаводзец, у прыватным жыцці быў чалавекам з нявытрыманым характарам, імкнуўся перашкодзіць вяселлю Соф’і з Янушам, строіў усялякія падкопы. З-за спрэчак на палітычнай арэне і асабістых сварак паміж гэтымі трыма асобамі жыццё Соф’і было незайздросным: спачатку змагаліся за яе руку, пасля — за маёнткі. Жанчына вымушана была ездзіць паміж судамі і краінамі, што не лепшым чынам адбілася на яе здароўі і прывяло да заўчаснай смерці.
Анастасія Скеп’ян адзначае, што ёсць дакументы са сведчаннямі родных, з якіх вынікае, кім па веравызнанні лічыла сябе гэта жанчына. У іх Соф’я ўласнай рукой напісала, што з’яўляецца каталічкай, таму адмаўляецца выйсці замуж за кальвініста Януша Радзівіла. Знойдзены таксама ліст, які Радзівілы дасылалі ў Рым з просьбай дазволу на шлюб Соф’і з некаталіком, да таго ж чалавекам, які знаходзіцца з ёй у блізкай ступені сваяцтва. Пазней, па словах даследчыцы, былі зроблены падробкі, у якіх сцвярджаецца, што Януш з’яўляўся каталіком, а Соф’я абараняла інтарэсы праваслаўнай царквы.
У кнізе «Князі Слуцкія» распавядаецца не толькі пра лёс княжны Соф’і. Тут падаецца падрабязная карціна жыцця роду Алелькавічаў-Слуцкіх, які бярэ свой пачатак ад Уладзіміра Альгердавіча, князя кіеўскага, што ў 1390-я гады атрымаў Слуцкае княства. Пасля Уладзіміра гаспадаром Случчыны стаў яго старэйшы сын Аляксандр (Алелька), які і лічыцца заснавальнікам роду; менавіта ад гэтага скарочанага варыянта імені і сталі называцца яго нашчадкі — Алелькавічы.
Аўтару ўдалося па-іншаму паглядзець на ролю прадстаўнікоў роду Алелькавічаў-Слуцкіх у грамадстве XV — XVІ стагоддзяў. Яна паказала іх як адзін з найбуйнейшых арыстакратычных родаў, прадстаўнікі якога адыгралі значную ролю на палітычнай арэне Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Шмат год працуючы над гісторыяй князёў Слуцкіх, Анастасія Скеп’ян даследавала архівы не толькі Беларусі, але і іншых краін. Яна вывучала польскамоўныя архівы дамоў Радзівілаў (1885), Сангушкаў (1890), Сапегаў (1892) і многія іншыя.
Даследчыца дадала, што тры гады таму ў Кіеве была зроблена цікавая знаходка, якая таксама датычыцца гэтага роду. Партрэт «невядомага» князя Слуцкага быў знойдзены ў сховішчах музея Кіева-Пячэрскай лаўры — ён не ўнесены ні ў адзін вопіс, не разу не экспанаваўся. Адкуль ён з’явіўся ў Кіеве, хто яго аўтар, яшчэ давядзецца высвятляць музейным супрацоўнікам.
Паводле zviazda.by