Учора ў Вышэйшую Духоўную Семінарыю з'ехаліся мамы маладзёнаў, якія вырашылі прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Вядома, прыняцце такога рашэння для маладога хлопца - вельмі адказны крок, які патрабуе моцнай веры. Для маці - гэта цяжкі шлях малітвы і аддання Нябеснаму Айцу свайго сына.
А 18 гадзіне для 10 мам клерыкаў распачаліся рэкалекцыі. На пачатку сустрэчы кс. біскуп і рэктар Юзаф Станеўскі прывітаў жанчын словамі падзякі. Пасля вячэры ў вузкім коле мамы падзяліліся ўласным досведам і прыкладам таго, як яны суправаджаюць сваіх сыноў на шляху святарскага паклікання. Увечары адбылася малітва каля абраза Маці Божай Кангрэгацкай.
На другі дзень мамы наведалі санктуарый Маці Божай у Капцёўцы, дзе прынялі ўдзел у Крыжовым шляху і св. Імшы, падчас якой выслухалі канферэнцыю духоўнага айца. Пасля абеду яны накіраваліся ў Адамавічы, дзе іх чакаў ружанец, яшчэ адна канферэнцыя і вясёлы вечар.
Заўтра, у нядзелю, пасля св. Эўхарыстыі ў Катэдры і абеду ў семінарыі, мамы алюмнаў вярнуцца да штодзённых абавязкаў.
кл. Раман Вайцяховіч